Тымчук: Шаройку вінавацяць у шпіянажы на падставе фальшывага дакументу


Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітры Тымчук заявіў, што журналіста Паўла Шаройку затрымалі на падставе падробленага дакумента, а таксама распавёў некаторыя дэталі затрымання.

Як стала вядома каардынатару «ІС» з уласных крыніцаў, непасрэдна ў дзень затрымання Шаройка сустрэўся з супрацоўнікам расейскага тэлеканала НТВ па просьбе апошняга. Ён спрабаваў перадаць Паўлу нібыта сакрэтныя дакументы па выкарыстанні тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для ўварвання ва Украіну.

Шаройка адмовіўся ўзяць дадзеныя дакументы, выдатна разумеючы, што гаворка ідзе пра правакацыю. Па дарозе з сустрэчы дадому ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ РБ.

«Дакумент, які спрабавалі перадаць украінскаму журналісту Паўлу Шаройку, з’яўляецца падробкай пад сапраўдны грыфаваны дакумент, якія выкарыстоўваюць ў Мінабароны Беларусі. Пры гэтым, яго форма і стыль максімальна набліжаны да дакументаў МА РБ.

Для надання большай «сапраўднасці», падробка імітуе не фінальны дакумент з подпісамі, выканаўцамі, нумарам і пячаткай установы, а чарнавы варыянт, на якім адсутнічаюць названыя абавязковыя элементы для дакумента з грыфам сакрэтнасці», – напісаў у Facebook Дзмітры Тымчук.

Павдле «ІС», найбольш верагодна, што аўтар падробкі не мае доступу да бягучых сакрэтных дакументаў МА РБ, але мае спецыялістаў, якія калісьці працавалі ў сістэме МА і мелі доступ да грыфаванага справаводства.

«Гэта сведчыць аб тым, што гэты дакумент вырабілі або ў ФСБ РФ, або агентура ФСБ РФ у КДБ РБ з мэтай арганізацыі аперацыі для арышту ўкраінскага журналіста з абвінавачваннямі ў шпіянажы, а ў далейшым – дыскрэдытацыі Беларусі ў адносінах з ЕЗ і Украінай і раскрутцы канфлікту паміж Беларуссю і Украінай. Такія аперацыі – традыцыйны метад працы расейскіх спецслужбаў», – сцвярджае Тымчук.

Адносна зместу дакумента, то ў ім фактычна адсутнічаюць любыя закрытыя дадзеныя. У асноўным утрымліваюцца агульныя фразы накшталт «паглыбіліся, пашырыць, палепшыць». У цэлым, дакумент нібыта складзены па выніках вучэнняў «Захад-2017», аднак не ўтрымлівае ніякіх спасылак на вынікі вучэнняў. У дакуменце ўказваецца на неабходнасць «вывучыць вынікі і зрабіць высновы».

«Насамрэч, у любым аналітычным артыкуле, што публікаваліся дзясяткамі і сотнямі ў расейскай, беларускай, украінскай і сусветнай прэсе па выніках «Захаду-2017», змяшчалася больш «сакрэтаў», чым у гэтай падробцы», – кажа Тымчук.

Ён таксама дадаў, што «улічваючы ўдзел у падзеях супрацоўніка інструмента расейскай прапаганды, варта меркаваць, што гаворка ідзе не пра «самастойную» аперацыю КДБ РБ, а пра сумеснай аперацыю беларускіх і расейскіх спецслужбаў».

Нагадаем, украінскі журналіст Павел Шаройка быў затрыманы КДБ 25 кастрычніка у Менску, яму інкрымінуюць «шпіянаж».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў