Twitter павялічыў удвая колькасць знакаў у допісах


Новы памер паведамленняў – 280 замест 140 знакаў.

Гэта «рэвалюцыя» для сацсеткі, якая цягам 11 гадоў трымалася абмежавання на колькасць знакаў, што было яе ключавой асаблівасцю.

Увесь час карыстальнікі сервісу шукалі магчымасці абысці абмежаванні: уклейвалі скрыншоты з больш доўгім тэкстам альбо аб’ядноўвалі твіты.

Twitter паведамляў пра «падаўжэнне» твітаў яшчэ ў верасні. Тады функцыя была даступна абмежаванаму колу карыстальнікаў. Цяпер новы памер паста даступны на амаль усіх мовах, акрамя японскай, карэйскай і кітайскай. Паводле распрацоўшчыкаў, мовы з іерогліфамі дазваляюць выказаць думку меншай колькасцю знакаў, бо кожны іерогліф можна лічыць за адзін знак.

«Мы ўбачылі, што, калі людзям дазволілі выкарыстоўваць больш за 140 сімвалаў, яны сталі пісаць прасцей і часцей. Але, што важна, людзей, чые твіты ўтрымліваюць менш 140 знакаў, больш, і сцісласць у Twitter захавалася», – падкрэслілі ў кампаніі.

Стваральнікі адзначаюць, што з павелічэннем мяжы да 280 сімвалаў, максімальную даўжыню мае толькі 1% твітаў.

Новыя правілы распаўсюджваюцца і на беларускую мову. Абнаўленне ўжо даступнае на вэб-версіі сацсеткі, мабільнае прыкладанне абновяць неўзабаве.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў