Tuzin.fm могуць заблакаваць. Міністр інфармацыі хоча вынесці папярэджанне парталу


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Рэдакцыя сайту атрымала афіцыйны ліст ад Міністэрства інфармацыі Беларусі. Паводле паведамлення, падпісанага Ліліляй Ананіч, рэсурс «распаўсюджвае непраўдзівую інфармацыю, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».

Што гэта за інтарэсы, і за якія канкрэтна парушэнні вынесена можа быць вынесена папярэджанне, не ўдакладняецца.

Паводле самога Мінінфармацыі, «дасланы дакумент – гэта не папярэджанне, а інфармацыя».

У лісце, напісаным па-расейску, таксама зазначана, што ў выпадку паўторнага парушэння альбо невыканання патрабаванняў «Закону аб СМІ» доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны. Кіраўнік «Тузіну» Сяргей Будкін упэўнены ў неабгрунтаванасці абвінавачванняў.

«Наш партал працуе ўжо 12 год і за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў (праўдзівых, а як жа ж яшчэ!) пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасьць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзясяткі грамадсказначных праектаў, сярод якіх «Перазагрузка», «Апошні золак», «Тузін. Немаўля», «Засьпявай.by». Неверагода пачуць пасля гэтага ад чыноўнікаў, што мы шкодзім дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Мы вельмі спадзяемся, што з боку Міністэрства выйшла недарэчнасць і яна будзе папраўлена ў хуткім часе», – сказаў belsat.eu Сяргей Будкін.

Таму ў адказ на ліст журналіст даслаў на скрыню Міністэрства інфармацыі ўсе неабходныя звесткі і папрасіў патлумачыць прычыны папярэджання.

Варта адзначыць, што падобныя лісты атрымалі таксама «Радыё Рацыя», сайт «Свабодны рэгіён» і АГП.

«Пакуль няясна мэта Міністэрства інфармацыі. Магчыма яны хочуць узяць сайты пад свой кантроль, а магчыма заблакаваць. Тэарэтычна такая магчымасць існуе», – каментуе сітуацыю кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Сёння стала вядома, што «Белтэлекам» збіраецца закупіць спецыяльнае абсталяванне для блакавання сайтаў.

Паводле новага «Закону аб СМІ» любое СМІ зарэгістраванае ў Беларусі можна закрыць пасля двух папярэджанняў на працягу года.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў