Тут вянчалася Ажэшка і дзейнічала першая беларуская суполка. Самаму старому касцёлу ў Горадні – 400 гадоў


Касцёл Адшукання Святога Крыжа ператрываў каралёў Рэчы Паспалітай, тры яе падзела, расейскі царызм, Сусветную вайну і камунізм. У ягоных мурах узрастала першае зерне беларускасці ў Горадні. Амаль заўсёды яго дзверы былі адчынены для вернікаў, якія сёлета сабраліся, каб адзначыць 400-тую гадавіну пабудовы святыні.

Унутраны інтэр’ер захапляе сваім убраннем. Разныя драўляныя алтары, якія выглядаюць, як мармур, шматлікія скульптуры святых з надта сур’ёзнымі тварамі, старыя мудрагелістыя спаведніцы, а ўверсе – пульхныя анёлы. Шмат можна казаць пра архітэктурныя асаблівасці святыні, аднак сапраўдную яе вартасць раскрываюць гісторыі людзей, лёсам звязаных з гэтымі мурамі.

У віры каралеўскіх інтрыгаў

Святкаванне 400-годдзя Касцёла Адшукання Святога Крыжа (былы касцёл бернардзінцаў) у Горадні

Касцёл і кляштарны комплекс належалі да каталіцкіх манахаў ордэна бернардзінцаў, якія пасяліліся ў горадзе яшчэ ў 1494-м годзе, аднак цягам амаль стагоддзя не мелі сваёй уласнай святыні. Будаваць касцёл разам з кляштарам манахі пачалі толькі ў 1595 г., калі кароль Жыгімонт ІІІ Ваза падпісаў для іх фундацыю. Сам кароль, партрэт якога выяўлены на адной з фрэсак у касцёле, рос у Швецыі пад наглядам айцоў езуітаў, якія цягам усяго жыцця заставаліся яго бліжэйшымі дарадцамі. З дапамогай манаскіх ордэнаў ён актыўна спрыяў пашырэнню каталіцызму ў ВКЛ, у тым ліку і ў тагачаснай Горадні.

Гарадская легенда распавядае, што вялікую суму на будаўніцтва бажніцы ахвяравалі жаўнеры, якія толькі-толькі вярнуліся з перамогай пасля паходу на Маскву: «кожны рыцар даў талер з конскага капыта на касцёл, а Леў Сапега, канцлер вялікі літоўскі сыпнуў жменю…» Пасля гэтага працэс паскорыўся і ў 1618 г. новы касцёл урачыста асвяцілі.

Падзелы Рэчы Паспалітай і пазнейшая палітыка царскіх уладаў прывялі да заняпаду каталіцкіх ордэнаў. У 1853 г. у бернардзінцаў адбіраюць кляштар, спасылаючыся на тое, што будынак занадта вялікі для васьмі манахаў. Улады спачатку думалі зрабіць у ім пажарнае дэпо, але потым усё ж такі адвялі пад жылыя памяшканні. Менавіта ў той час касцёл атрымаў статус прыхадскога. Не абмінула манаскія муры і пазнейшае студзеньскае паўстанне. Іншая гарадская легенда распавядае, што ў яго скляпеннях дагэтуль схаваныя косы касінераў.

Скандальны шлюб Элізы Ажэшкі

Касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Горадні – адзін з самых старых каталіцкіх святыняў Беларусі

Сцены касцёла сталіся таксама сведкамі скандальнага шлюбу знакамітай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Тут жанчына вянчалася другі раз, маючы 53 гады. Ейным мужам стаў шматгадовы сябра і каханак, адвакат Станіслаў Нагорскі, які, дарэчы, і дапамагаў Ажэшцы развесціся першы раз. Развод быў гучным, бо неверагодным здавалася на той час, каб жанчына сама выступіла яго ініцыятаркай. Аднак пасля двух гадоў судовых разбіральніцтваў, развод быў прызнаны, што цікава, не толькі свецкай уладай, але і касцельнай.

Зерне беларускасці ў кляштарных мурах

Пра беларускую старонку ў гісторыі касцёла піша ў сваёй кнізе «Шпацыр па Гародні» гісторык Андрэй Чарнякевіч. У 1909 г. у маленькай кватэрцы ксяндза Францішка Грынкевіча (у будынку былога кляштара), быў заснаваны гурток беларускай моладзі. Айцец Францішак паходзіў з сялянскай сям’і з Сакольшчыны, а беларускай справай пачаў цікавіцца яшчэ падчас вучобы ў Пецярбургу. Амаль адразу пасля прызначэння на службу ў Горадню ён пачаў беларускую асветніцкую дзейнасць сярод мясцовай моладзі, паказаўшы сябе як добры арганізатар. Пад яго патранатам і ўплывам пры касцёле быў выдадзены першы беларускамоўны малітоўнік. А ў 1913 г. заснаваны Грынкевічам гурток выдае літаратурны альманах «Колас беларускай нівы». Ён быў напісаны ад рукі, беларускай лацінкай, а 50 асобнікаў удалося адбіць на шапірографе. Гурток праіснаваў да пачатку Першай сусветнай вайны.

Савецкае паляванне на святароў

Будынак касцёла досыць шчасліва ператрываў Першую сусветную вайну. Аднак чарговая вайна распачала чорную паласу. Пасля здзекаў нямецкіх захопнікаў, з яшчэ большай агрэсіяй сталі пераследаваць вернікаў і святароў савецкія ўлады. Пасляваенную гісторыю пабернардзінскага касцёла нельга зразумець, не ўзгадаўшы асобу пробашча святыні Міхала Арановіча, які на пэўны час увогуле застаўся адзіным каталіцкім святаром на ўвесь горад.

Фота з выставы ў касцёле, прысчвечанай айцу Міхалу Арановічу

Міхал Арановіч нарадзіўся на Беласточчыне. Упершыню ў Горадню ён трапіў у 1948-м годзе, калі патрэбны быў ксёндз сёстрам назарэтанкам у пабрыгідскім касцёле. Аднак служыць там святару давялося нядоўга: 3 сакавіка 1950 г. касцёл ператварылі ў склад з хлёркай. Святар пачаў служыць у пабернардзінскім касцёле разам з ксяндзом Антоніем Курыловічам. Аднак ужо праз пару месяцаў іх арыштавалі. Курыловіча адпусцілі, а айца Міхала прыгаварылі да 10 гадоў савецкіх лагераў. Пасля смерці Сталіна ў 1953 г. ён вяртаецца ў Горадню і потым прымае абавязкі пробашча ў пабернардзінскім касцёле.

Тым часам камуністычныя ўлады імкнуліся зачыніць усе гарадзенскія святыні. Паўсюдна забаранялася праводзіць малітвы, ксяндзоў высылалі ў Польшчу або ў лагеры. У 1961 г. без святара застаўся касцёл Францішка Ксаверыя на цэнтральнай плошчы. Улады хутка забаранілі праводзіць у ім службы, а з самога касцёла збіраліся зрабіць гарадскую філармонію. Чарговым ударам стала знішчэнне самага старажытнага касцёла Беларусі – Фары Вітаўта. У той час у горадзе засталіся толькі два дзейсныя касцёлы. На другім баку Нёмна працаваў ужо старэнькі айцец Аркадыюш Вальтась. Пасля яго смерці ў 1975 г. а. Міхал Арановіч застаўся адзіным ксяндзом на ўсю напалову каталіцкую Горадню.

Аднак святар усё ж такі дачакаўся лепшых часоў. У 1988 г. улады дазволілі працаваць у горадзе іншым ксяндзам. Праз два гады святар яшчэ паспеў убачыць, як пры касцёле была адчынена Рыма-каталіцкая духоўная семінарыя, пра якую ён марыў. Пахаваны на старых каталіцкіх могілках. Вышэйшая рыма-каталіцкая духоўная семінарыя дзейнічае да сённяшняга часу.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў