Турыстычны аўтобус з Беларусі трапіў у ДТЗ пад Псковам


Аўтобус пасля ДТЗ

У выніку аварыі, у якую трапіў аўтобус з Беларусі, пацярпелі 13 асобаў.

Чатыры пасажыры знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «ТАСС».

ДТЗ адбылося раніцай 23 сакавіка на 222-м кіламетры трасы Санкт-Пецярбург – Невель. Паводле прэс-службы УУС Пскоўсай вобласці, кіроўца ВАС-2107 выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтобусам «Mercedes», які ехаў з Менску ў Санкт-Пецярбург.

«У ДТЗ пацярпелі 13 асобаў, у тым ліку 11 пасажыраў аўтобуса. Сярод пацярпелых – кіроўца аўтобуса. Сур’ёзных траўмаў няма, усе пацярпелыя дастаўлены ў Пскоўскую абласную больніцу, у асноўным гэта ўдары», – сказалі ў прэс-службе.

Паводле звестак расейскага МУС, усе пасажыры аўтобуса – жыхары Беларусі. Сярод пацярпелых таксама чацвёра дзяцей. На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Як паведаміла ТАСС крыніца ў экстранных службах, усяго ў аўтобусе знаходзіліся 50 чалавек, з іх 11 – дзеці.

Галоўны лекар пскоўскай абласной больніцы Анатоль Волкаў паведаміў ТАСС, што ў чатырох пацыентаў цяжкі стан. Зараз у больніцы знаходзяцца сем дарослых, яшчэ аднаго прывязуць з месца ДТЗ у бліжэйшы час.

«Цяжкі стан у чацвярых, аказваем дапамогу, дыягназы не ставяцца за пяць хвілін. З тых, хто паступіў, двое жыхароў Пскоўскай вобласці, астатнія – беларусы», – сказаў Волкаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў