Турма на продаж


Пабудаваць рынак ці зладзіць дробную вытворчасць у былой вязніцы? Чаму б не? У невялікім горадзе Лэнчыца ў цэнтральнай Польшчы мясцовая адміністрацыя выставіла на продаж шматвекавую турму.

Падчас іспанскай інквізіцыі гэты комплекс быў дамініканскім манастыром. У 18 стагоддзі яго ператварылі ў турму, якая выкарыстоўвалася як вязніца ажно да 2006 года.

АНДЖЭЙ БАРУЦКІ

ДЫРЭКТАР РЭГІЯНАЛЬНАГА МУЗЕЮ ЛЭНЧЫЦЫ

«У гэтай турме ўтрымліваліся славутыя злачынцы з вельмі доўгімі ды жорсткімі прысудамі. У вязніцы размяшчалі палітычных зняволеных і людзей, якіх накіроўвалі сюды падчас Другой сусветнай вайны, у першую чаргу габрэяў, пасля чаго іх адпраўлялі на вогнішчы. Гэтая турма адлюстроўвае 200 гадоў драматычнай польскай гісторыі».

За 1 мільён злотых патэнцыйны пакупнік будзе мець вялікую тэрыторыю турмы разам з усімі рэчамі, якія засталіся тут ад яе былых жыхароў.

Перад тым, як выставіць турму на продаж, комплекс выкарыстоўваўся ў якасці майстэрняў і для кінапраектаў, але мясцовая адміністрацыя невялікага гораду палічыла, што былую турму цяжка і дорага ўтрымліваць у належным стане.

ВОЙЦЕХ ЗДЗЯРСКІ

АДМІНІСТРАТАР АКРУГІ ГОРАДУ ЛЭНЧЫЦА

«Гэты аб’ект можна выкарыстоўваць для розных мэтаў, пачынаючы ад гандлю, грамадскага харчавання або нават дробнай вытворчасці, бо план развіцця гораду гэта дазваляе. І менавіта гэта было цікава для патэнцыйных пакупнікоў, бо дробная вытворчасць не будзе парушаць цэласнасці комплексу».

Але ахвотных набыць старую турму пакуль няма. Наступны аўкцыён для продажу вязніцы, ужо шосты з ліку, адбудзецца ў верасні.

Віталь Бабін, “Белсат”

Стужка навінаў