Турэцкія медыі: Арганізатары тэракту на стамбульскім лётнішчы былі з Расеі, Узбекістану, Кыргызстану


Нарадзінцы Дагестану, Узбекістану ды Кыргызстану маглі мець датычнасць да арганізацыі тэракту на лётнішчы імя Атацюрка ў Стамбуле.

Прынамсі адзін з трох тэрарыстаў-смяротнікаў, якія забілі 42 чалавек у аэрапорце Стамбулу, лічыцца замежнікам. Следчыя спрабуюць ідэнтыфікаваць баевікоў паводле парэшткаў, паведамілі турэцкія чыноўнікі ў чацвер, 30 чэрвеня.

Афіцыйная турэцкая газета «Yeni Safak», не называючы сваіх крыніц, паведаміла, што баевікі, якія арганізавалі тэракт у Стамбуле, былі з Дагестану (Расея), Кыргызстану ды Узбекістану.

Газета «Yeni Safak» паінфармавала, што арганізатарам нападу, як мяркуецца, быў чачэнец з паходжання Ахмед Чатаеў (Akhmed Chatayev). Чатаеў значыцца ў санкцыйным спісе Арганізацыі Абʼяднаных Нацый як адзін з лідараў «Ісламскай дзяржавы», адказны за падрыхтоўку расейскамоўных баевікоў. Яго вышукваюць расейскія ўлады.

Газета «Hurriyet» ідэнтыфікавала аднаго з нападнікаў на лётнішчы як Асмана Вадзінава (Osman Vadinov), таксама чачэнца, які прыехаў з кантраляванай «Ісламскай дзяржавай» часткі Сірыі. Расейскія праваахоўныя органы зняпраўдзілі інфармацыю, што Вадзінаў калі-небудзь пражываў у Чачэніі.

Турэцкія ўлады не пацвердзілі, што следства правярае датычнасць Чатаева альбо Вадзінава да тэракту.

У сувязі з апошнім тэрактам у Стамбуле паліцыя затрымала 13 чалавек, трое з якіх – замежнікі. Антытэрарыстычная каманда правяла рэйды ў 16 месцах гораду. Турэцкія ўлады заявілі, што лічаць адказнай за тэракт экстрэмісцкую групоўку «Ісламская дзяржава».

МЯ, паводле reuters.com

Стужка навінаў