Турчынаў: За мінулыя содні на Данбасе былі найбольшыя страты за год


На Данбасе пачалася маштабная актывізацыя з боку расейскіх акупацыйных войскаў, якая цалкам перакрэслівае дамоўленасць пра спыненне агню, адзначаюць ва Украіне.

Выкарыстоўваючы цяжкую зброю, забароненую Менскімі дамоўленасцямі, прарасейскія сепаратысты на Данбасе значна ўзмацнілі інтэнсіўнасць абстрэлаў пазіцый украінскіх войскаў. Пра гэта расказаў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў.

«Толькі за апошнія содні ў выніку абстрэлаў сем украінскіх вайскоўцаў загінулі, дзевяць атрымалі раненні», – сказаў Турчынаў, падкрэсліўшы, што гэта самыя вялікія страты за апошні год. «Адказнасць за гэтыя крывавыя правакацыі нясе вайскова-палітычнае кіраўніцтва Расеі, якое сістэмна і паслядоўна тарпедуе мірны шлях вырашэння канфлікту і вызвалення акупаваных тэрыторыяў», – падкрэсліў былы часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка Украіны.

Паводле Турчынава, пра сістэмную падрыхтоўку да актывізацыі ваеннага супрацьстаяння з боку Расеі сведчыць канцэнтрацыя ўздоўж лініі размежавання цяжкой зброі, забароненай Менскімі дамоўленасцямі. «Акрамя таго, цягам апошняга месяца значна актывізавалася выкарыстанне расейскіх беспілотных лятальных апаратаў, як разведвальных, так і ўдарных», – адзначыў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі. Паводле Турчынава, беспілотныя лятальныя апараты запускаліся не толькі з акупаванай, але і непасрэдна з расейскай тэрыторыі.

«Хачу прыцягнуць увагу нашых стратэгічных партнёраў да дэманстратыўнай і цынічнай дыскрэдытацыі Расеяй усіх сумесных мірных намаганняў», – сказаў Турчынаў, падкрэсліўшы, што «шлях улагоджання агрэсара замест узмацнення санкцыяў і іншых рэальных дзеянняў прыводзіць толькі да росту колькасці ахвяр як сярод украінскіх вайскоўцаў, гэтак і сярод мірнага насельніцтва, а таксама павялічвае небяспеку развязання Крамлём поўнамаштабных ваенных дзеянняў у Еўропе».

МЯ, паводле censor.net.ua

Стужка навінаў