Турчынаў прадказаў кантынентальную вайну ў выпадку аднаўлення баёў на Данбасе


Сакратар Савету нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што калі адновяцца баявыя дзеянні на Данбасе, то гэта будзе на самой небяспечным узроўні і можа перарасці ў паўнавартасную кантынентальную вайну.

Як перадае карэспандэнт агенцтва «Уніан», пра гэта ён сказаў падчас дыскусіі «Дэмакратыя або аўтарытарызм: вайна не супраць аднаго, а супраць усіх» у рамках 8-га Кіеўскага форуму па бяспецы.

Па словах Турчынава, тое, што Расея працягвае канцэнтраваць зброю і тэхніку на Данбасе і на мяжы, сведчыць пра тое, што яна робіць усё для невыканання Менскіх пагадненняў і аднаўлення ваенных дзеянняў у любы зручны для яе момант.

«Прыкрываючыся цынічнымі размовамі пра тое, што яна спрыяе мірнаму ўрэгуляванню, Расея працягвае канцэнтраваць зброю, вайсковую тэхніку на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Адбываецца канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы з нашай дзяржавай», – сказаў Турчынаў.

Акрамя таго, Турчынаў лічыць, што ў выпадку аднаўлення баявых дзеянняў на Данбасе, баі будуць больш небяспечнымі.

«Трэба дакладна казаць і разумець, што калі адновяцца баявыя дзеянні, то гэта будзе на найбольш высокім і небяспечным узроўні. Гэтыя ваенныя дзеянні могуць перарасці ў паўнавартасную кантынентальную вайну», – сказаў сакратар СНБА.

МЯ, паводле unian.net

Стужка навінаў