«Цюльпан», «Пірат» ці «Спайк». Танна і бяспечна знішчыць расейскую браню


Міжнародны салон абарончай прамысловасці ў польскіх Кельцах – трэцяя па велічыні выстава зброі ў Еўропе, пасля Парыжу ды Лондану. 624 фірмы з 31 краіны. Беларускіх кампаніяў на кірмашы не было, але афіцыйная дэлегацыя наведала падзею. Як палякі з украінцамі разам рыхтуюцца да абароны ад расейскіх танкаў? Высвятлялі Сяргей Пеляса і Дзяніс Дзюба.

Невялікі горад у Польшчы вось ужо больш чвэрці стагоддзя прыцягвае найбуйнейшых вытворцаў зброі з усяго свету.

«Польскі ўрад паслядоўна, у адказ на цяжкую міжнародную сітуацыю, пастанаўляе прызначаць 2 % нашага бюджэту на ўзбраенне. Польскае войска – найбуйнейшае ў гэтай частцы Еўропы. І ў НАТО мы таксама сярод лідараў паводле колькасці», – распавядае пра сакрэт поспеху выставы зброі ў Кельцах дырэктар выставачнага цэнтру «Targi Kielce» Анджэй Мохань.

Палякі плануюць павялічыць колькасць жаўнераў да 200 тысячаў. Значная частка ўзбраення нашай суседкі паходзіць яшчэ з часу камунізму, як у Беларусі і ва Украіне. Аднак стэндаў нашых фірмаў не было ў Кельцах, хаця беларуская дэлегацыя наведала выставу.

«Бо Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь маюць узбройвацца найлепшымі сродкамі ўзбраення, і мы глядзім, што прэзентаванае на гэтай выставе», – кажа аташэ абароны Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, палкоўнік Валерый Капшуль.

На жаль, мы не здолелі запісаць, што канкрэтна Беларусь цікавіла ў Кельцах. Аташэ абароны двойчы не падымаў слухаўкі і не ператэлефанаваў.

З украінцамі дамовіцца было прасцей. У Кіева з Варшавай ёсць цэлы шэраг кірункаў супрацы.

«У першую чаргу гэта датычыць супольнай мадэрнізацыі бранятэхнікі. Гаворка ідзе пра танкі Т-72, танкавыя рухавікі ды оптыку для тэхнікі і стралковай зброі», – каментуе аташэ абароны амбасады Украіны ў Польшчы, генерал-маёр Юрый Паўліў.

Палякам цікавы досвед Украіны, якога яны не маюць, а Украіне – польскія напрацоўкі ў мадэрнізацыі як савецкай, гэтак і заходняй тэхнікі.

«Бачна, што польскае войска мае вялікія патрэбы ў галіне мадэрнізацыі, асвяжэння тэхнікі ў чаканні на вялікія закупкі ці ў выніку таго, што мы набылі тэхніку, але хочам яе зрабіць больш сучаснаю», – заўважае Юльюш Сабак, рэдактар Defence24.pl.

Рабіць гэта дапамагае не толькі ўласная прамысловасць ці хаўруснікі з НАТО, але і суседняя Украіна, якая выбрала шлях на Захад у выніку Рэвалюцыі годнасці.

«Украіна разглядае Польшчу як важнага партнёра і краіну, якая перажывае падобныя пагрозы. У першую чаргу гэта пагрозы з боку Расейскай Федэрацыі ды канцэнтрацыя расейскай вайсковай моцы побач з межамі нашых дзяржаваў», – гаворыць Сяргей Згурэць, дырэктар «Defence Express», Украіна.

Суседства з Расеяй, якая вядзе неабвешчаную вайну супраць Украіны, не дае палякам спаць спакойна і матывуе іх цікавіцца ўкраінскім досведам.

«У першую чаргу гэта супрацьтанкавыя сістэмы. Яны паказалі сябе даволі эфектыўна. Яны абсалютна правераныя ў рэальных баявых умовах», – распавядае Тарас Шыйко, дырэктар фірмы «Прагрэс», Украіна.

Гаворка пра «Скіф» і «Карсар».

Супрацьтанкавы ракетны комплекс «Карсар».
Фота: Сяргей Пеляса

Вытворцы ва Украіне з цяжкасцю даюць рады з аб’ёмам попыту. Недарагія пераносныя супрацьтанкавыя «Карсары» у Польшчы пачынаюць рабіць пад назваю «Пірат».

Супрацьтанкавая ракета «Пірат».
Фота: Сяргей Пеляса

«Піратамі» плануюць узброіць наваствораныя Войскі тэрытарыяльнай абароны. Яны лягчэйшыя ды каштуюць у некалькі разоў менш, як «Спайк» ізраільскай канструкцыі, які ўжо ёсць у польскім войску.

Супрацьтанкавы ракетны комплекс «Спайк».
Фота: Сяргей Пеляса

Гэта ізраільскі супрацьтанкавы ракетны комплекс «Спайк», які стаіць на ўзбраенні польскай арміі. Нам больш вядомы яго амерыканскі брат «Джэвэлін». «Спайк» цікавы тым, што стральба з яго вядзецца з трыножнікам а не з пляча, як у «Джэвэліне». Можна выстраліць паводле прынцыпу «выстраліў і забыў». Іншая опцыя – выстраліў і назіраеш праз віз’ер за палётам ракеты і можаш у працэсе палёту выбраць іншую цэль.

«Спайкі» на ўзбраенні Азербайджану нядаўна, у красавіку 2016-га, паказалі сваю эфектыўнасць супраць армянскіх танкаў Т-72. У Польшчы іх пакуль цягае пяхота. Аднак на выставе паказалі праекты мантавання ізраільскага комплексу на бранятэхніцы ды верталётах.

Украіна ж стварыла самаходную гаўбіцу «Багдана» і звяртае ўвагу на польскі гусенічны аналаг – «Краб».

Самаходная гаўбіца «Краб».
Фота: Сяргей Пеляса

«Мы зацікаўленыя мець у сябе артылерыі вялікага калібру. Мы ствараем новыя ўзоры з пераходам на калібр 155 мм. І мы глядзім на досвед Польшчы, якая пачала пераўзбройвацца з калібру 152 мм на калібр 155 мм», – адзначае Сяргей Згурэць.

Акрамя вялікай артылерыі, украінцаў цікавіць маленькая міна «Цюльпан», якою можна кіраваць на адлегласці сто і больш метраў. Танкавую браню сямікілаграмовая кветка не праб’е, а вось з больш лёгкаю тэхнікаю дасць рады.

Эфект прымянення міны «Цюльпан» супраць 60 мм стальной пліты.
Фота: Сяргей Пеляса

Новы польскі аўтамат, як і гаўбіца «Краб», працягнуў працэс дапасавання ўзбраення да стандартаў ды калібраў НАТО.

Аўтаматы з сям’і MSBS «Grot».
Фота: Сяргей Пеляса

«Ёсць модульны аўтамат MSBS «Grot». Вельмі цікавая канструкцыя. Сёлета ў Кельцах дэбютуюць чарговыя версіі снайперскай вінтоўкі і кулямёта з гэтай сям’і зброі», – кажа польскі вайсковы публіцыст Юльюш Сабак.

MSBS– гэта модульная сістэма стралковай зброі. «Grot» – гэта наканечнік стралы ці дзіды.

«Параўноўваючы яго з папярэднікам, якім быў штурмавы карабін узору 96 «Бэрыль», мы маем тэхналагічную і эксплуатацыйную прорвы. MSBS «Grot» адрозніваецца практычна ўсім акрамя патронаў», – распавядае пра новую зброю Севярын Фігурскі з польскай Фабрыкі зброі «Łucznik».

Аўтамат пад натаўскі патрон калібру 5,56 ва ўмовах казармы можна перарабіць на версію без прыклада.

«Аўтамат цалкам двухбаковы. То бок ён прызначаны для стралкоў як права так і леваручных. Усе маніпулятары сіметрычна размешчаныя як злевага так і з правага боку», – працягвае Севярын Фігурскі.

На MSBS «Grot» можна мантаваць розныя оптаэлектронныя прыклады.

Аўтамат ужо пастаўляюць у новыя Войскі тэрытарыяльнай абароны.

Сярод узбраенняў польскай вытворчасці, якія ўжо ёсць у войску, варта звярнуць увагу і на комплекс «Попрад».

«Гэта самаходная зенітная сістэма. Яна служыць для выкрыцця, ідэнтыфікацыі і ліквідацыі сродкаў паветранага нападу з дапамогаю ракетаў, якія самыя наводзяцца», – тлумачыць старэйшы капрал Кіжэўскі.

Пераносны супрацьпаветраны ракетны комплекс «Гром», аналаг расейскай «Іглы», замантавалі на польскай бронемашыне «Зубр». Варшава, з дапамогаю «ПОпраду», імкнецца хутка развязаць праблему нястачы сучасных сродкаў для абароны ад ракетаў і авіяцыі на вельмі малых адлегласцях. Першыя некалькі комплексаў ужо перадалі ў войска. Праз тры гады іх будзе 79.

Галоўнай жа прэм’ерай у Кельцах стаўся «Барсук».

«Баявая машына пяхоты «Барсук» у больш спелай версіі. Летась яго прэзентавалі ў постаці дэманстратара тэхналогіі, то бок чагосьці перад прататыпам. Цяпер гэта больш дапрацаваная канструкцыя з лепей пратэставанаю вежаю. З канфігурацыяй, бліжэйшаю да мэты. На жаль, да запуску вытворчасці пачакаем яшчэ два ці тры гады», – кажа рэдактар Defence24.pl. Юльюш Сабак.

Машыну стварылі хутка.Польшчы вельмі патрэбная новая гусенічная машына для пяхоты. «Барсук» будзе важыць прыблізна 26 тонаў. Ён умее плаваць, добра абаронены ад мінаў, паводле стандартаў НАТО. Машыну ўзброілі 30-ціміліметроваю аўтаматычнаю гарматай і супрацьтанкавым ракетным комплексам «Спайк».

«Мы бачым вялікую колькасць высокадакладных боепрыпасаў рознага калібру, вялікі сегмент кіраваных супрацьтанкавых сродкаў розных вытворцаў, беспілотныя комплексы, якія пераходзяць ва ўдарную катэгорыю. То бок мы бачым усе гэтыя рэчы, звязаныя з мініятурызацыяй вайсковай тэхнікі, але адначасова з павышэннем яе лятальных магчымасцяў», – кажа Сяргей Згурэць.

Украіна забяспечыла сваё войска новай і мадэрнізаванаю тэхнікай, ды цяпер перад Кіевам, як і перад Варшаваю, стаіць заданне наладзіць вытворчасць новых узбраенняў, некаторыя з якіх паказалі ў Кельцах.

«Я бачу два трэнды. Вельмі шмат рознага тыпу дронаў і сістэмаў, якія дазваляюць атакаваць з вялікай адлегласці. І супрацьтанкавыя боепрыпасы, але таксама гранатамёты, міны – усё тое, што можа эфектыўна затрымаць браняваную тэхніку», – лічыць Юльюш Сабак.

Але гэта толькі пачатак. Сапраўдная мадэрнізацыя польскага войска наперадзе. Варшаву чакаюць сур’ёзныя рашэнні ў справе выбару верталётаў і самалётаў, якія заменяць старыя савецкія.

Як танна, бяспечна ды эфектыўна знішчыць верталёт ці танк праціўніка? Як мадэрнізаваць, а яшчэ лепей – чым замяніць састарэлую савецкую тэхніку? Гэта галоўныя праблемы, якія турбуюць удзельнікаў Міжнароднага салону абарончай прамысловасці ў Кельцах. Польшча ўсё больш інвестуе ў сваю бяспеку, адчуваючы выразную пагрозу з боку свайго вялікага суседа. А таму найлепшыя вытворцы з усяго свету будуць усцяж прывозіць сюды сваю найлепшую прадукцыю.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў