«Цытуё сваё!»: беларускіх класікаў разабралі на афарызмы


Ад Еўфрасінні Полацкай да Валянціна Акудовіча. У Менску прадставілі айчынны збор выразаў вядомых беларусаў.

«Сімфонія розуму», «Пярліны мудрасці» – гэтыя савецкія выданні выслоўяў сусветных класікаў знойдуцца ў дамашняй бібліятэцы бадай кожнай сям’і. Цяпер у беларусаў ёсць свая кніга з афарызмамі на розныя выпадкі жыцця: на роднай мове і ад вядомых суайчыннікаў.

У квадратнай кніжыцы чытач знойдзе больш за 250 выслоўяў, аб’яднаных у розныя тэмы.
Некаторыя афарызмы добра вядомыя са школьнай праграмы: яны паходзяць з прадмоваў Францішка Скарыны да ягоных выданняў Бібліі або з класічных раманаў Уладзіміра Караткевіча.

Частка выразаў для шырокай публікі будзе хутчэй у навіну: яны належаць сучасным інтэлектуалам Уладзіміру Мацкевічу, Валянціну Акудовічу, Ірыне Дубянецкай.

Дзясяткі выслоўяў будуць нагадваць чытачам забароненыя цэнзурай прозвішчы: паэткі-дысідэнткі Ларысы Геніюш, апостальскага візітатара для грэка-каталікоў замежжа а. Аляксандра Надсана, палітыка Зянона Пазьняка.

Каардынатар «Цытуё сваё!» Таццяна Вадалажская (у цэнтры)

«Мысленне – рэч, да якой можна падыходзіць талакой», – сцвярджае каардынатар кампаніі «Цытуй сваё!» Таццяна Вадалажская.

У стварэнні беларускага зборніка мудрых думак прынялі ўдзел некалькі грамадскіх ініцыятываў: Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь«, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!«, Беларускі калегіум, курсы «Мова Нанова».

На прэзентацыі зборніка выступіў Зміцер Вайцюшкевіч

На мерапрыемствах гэтых ініцыятываў зборнік «Цытуй сваё!» будзе распаўсюджвацца бясплатна.
Гуртам збіралі грошы на выданне кніжкі: праз краўдфандынгавую платформу «Талакошт». За месяц больш за 80 чалавек сабралі амаль 30 мільёнаў рублёў.

Андрэй Хадановіч

«Чалавек, які носіць такую саколку, хоча паказаць, што ён вельмі разумны», – вядоўца прэзентацыі і аўтар некалькіх цытатаў зборніка Андрэй Хадановіч гаворыць пра сайт Sakolki.

Адсюль любы жадаючы можа спампаваць афарызм ды надрукаваць яго на кашульцы. Графічныя выявы выслоўяў зрабілі мастакі з дызайнерамі пад час пленэру на хутары «Вайцюшкі».

Ініцыятары кампаніі «Цытуё сваё!» спадзяюцца выпусціць разумныя думкі знакамітых беларусаў на вуліцы і ўсеагульнае абмеркаванне.

Х. М.

Глядзі таксама
Каментары