Цярэшчанка: Ні я, ні Карач са Скрабцом не маем намеру разгойдваць човен


Былы кандыдат на прэзідэнцтва лічыць, што на парламенцкіх выбарах «будзе фальсіфікацыя», але ўсё роўна на іх ідзе.

Ужо ў верасні ў Беларусі маюць адбыцца парламенцкія выбары. Патэнцыйныя кандыдаты пакрысе пачалі заяўляць пра свае планы і ствараць кааліцыі. Узяць удзел у выбарах мае намер і былы кандыдат на прэзідэнцтва, эканаміст Віктар Цярэшчанка.

«Белсат»: Чаму вы вылучаецеся сёлета на парламенцкія выбары і якой стратэгіі плануеце прытрымлівацца?

Віктар Цярэшчанка: Я сустрэўся з калегамі, сябрамі штабу, сябрамі ініцыятыўнай групы, і мы прынялі рашэнне актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Лічым гэта правільным.

Нельга паводзіць сябе пасіўна, абыякава ставіцца да свайго народу, да сваёй сям’і, калі хочаце. Тое, што адбываецца сёння ў эканоміцы, – стагнацыя. І не адзін год. Падзенне жыццёвага ўзроўню, адсутнасць сацыяльнай абароны асобы, рост беспрацоўя, рост складскіх запасаў, няпоўны працоўны тыдзень і іншае. Вельмі шмат адмоўнага ў эканоміцы. І я як прафесар эканомікі не магу не сказаць пра гэта.

«Белсат»: У адрозненне ад 2010 года летась вы ў лік кандыдатаў у прэзідэнты не патрапілі і ў той жа час выказалі недавер да выбараў. На што спадзеяцеся гэтым разам?

Віктар Цярэшчанка: Я не думаю, што будзе ўсё шчыра. Я ж жыву ў гэтым асяроддзі.

Наадварот: думаю, што ў большасці выпадкаў будзе фальсіфікацыя.

«Белсат»: А навошта тады ісці на выбары?

Віктар Цярэшчанка: Ну а як быць? Няма іншага шляху. Можна чакаць. Хтосьці кажа: пачакаю, пакуль нехта не будзе кіраўніком дзяржавы. Ну пройдзе яшчэ невядома колькі часу. Як быць?

«Белсат»: У вашую кааліцыю маюць увайсці лідарка ГА «Наш Дом» Вольга Карач, а таксама былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец. Чаму вы вырашылі яднацца менавіта з імі?

Віктар Цярэшчанка: Па-першае, гэта людзі, паважаныя мной. Гэта таленавітыя людзі, якія ведаюць жыццё. Як Вольга, так і Сяргей мелі з боку ўладаў ці з боку іншых асобаў пэўны ціск. Людзі, якія па сваёй культуры нязгодныя, але ведаюць як. І хочуць прапанаваць шляхі выйсця з крызісу ў тым ці ў іншым кірунку. У галіне сельскай гаспадаркі ці ў прамысловасці, ці ў галіне грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай і гэтак далей. Яны дасведчаныя. Гэта сапраўды грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якіх я ведаю асабіста. І я думаю, што я магу іх лічыць сваймі сябрамі.

Але падкрэсліваю: я ўпэўнены, што, як я, так і названыя грамадзяне Беларусі (Вольга Карач і Сяргей Скрабец), не маюць намеру разгойдваць човен, у якім мы знаходзімся. Толькі канструктыўна, заканадаўча, у межах прававога поля прапаноўваць, ініцыяваць і здзяйсняць эканоміку ў грамадства.

Больш – у відэаверсіі вышэй.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў