«Цяпер усе грамадзяне – патэнцыйныя парушальнікі» – эксперт беларускага Пірацкага цэнтру


Інтэрнэт-правайдэры цягам года будуць захоўваць дадзеныя пра тое, якія сайт наведваюць карыстальнікі ў Беларусі. Дзяржава будзе ведаць, з кім, калі, дзе і як вы камунікавалі ў Сеціве, на якіх сайтах былі. Што гэта азначае для шараговага беларуса і што рабіць, калі права на прыватнае жыццё для вас – не пусты гук? У інтэрвʼю журналісту belsat.eu распавядае эксперт Беларускага пірацкага цэнтру Міхаіл Волчак.

Як могуць скарыстацца інфармацыяй пра наведванні сайтаў? Якая ў гэтым можа быць небяспека?

Па-першае, гэтыя вялікія абʼёмы дадзеных могуць прадаваць і тым самым уздзейнічаць на вас праз глабальны інструменты рынку. Па-другое, следчыя органы, могуць злоўжываць атрыманай інфармацыяй падчас аператыўна-пошукавай дзейнасці. Цяпер атрымліваецца, што ўсе грамадзяне патэнцыйна становяцца «парушальнікамі». Гэта як мінімум «крыміналізацыя» ўсяго грамадства, а гэта значыць, узмацненне таталітарных механізмаў кантролю.

Грамадзяне губляюць сваю інфармацыйную свабоду, яны яшчэ не маюць легальнай магчымасці неяк уздзейнічаць на тых хто збірае іх дадзеныя пра сябе і сваё жыццё.

Даведка belsat.eu

Пірацкі цэнтр у Беларусі – гэта нефармальная супольнасць актывістаў, якія выступаюць за «лічбавыя правы асобы», права на прыватнасць у інтэрнэце.

Што рабіць тым, хто ня хоча, каб нехта збіраў нейкія іх дадзеныя наконт гісторыі сайтаў?

Патрэбна ствараць супольнасці і свае сеткі камунікацый. Гэта значыць, грамадская супольнасць мае кантраляваць інфраструктуру і праграмы. Сёння гэта поле забюракратызаванае заканадаўствам у галіне кантролю спектра, таму варта тут падымаць пытанні даступнасці тэхналогіяў і праблему лічбавай дыскрымінацыі.

Персанальны VPN (віртуальнае прыватнае сеціва –belsat.eu) ужо не дастаткова, бо ён дае толькі аўтаномнасць спажывання інфармацыі для карыстальніка, але не для камунікацыі і ўзаемадзеяння. VPN добра, але трэба ісці далей і падымаць пытанне пра інфраструктуру, гэта значыць драты, спектр, серверы, мадэмы – усё з чаго зроблена сетка. Яны павінны належыць грамадзянам, і толькі абслугоўвацца камерцыйнымі прадпрыемствамі або дзяржавай.

Як2

Большасць усяго інтэрнэт-трафіка ва ўсім свеце – прагляд звычайнага порна. І цяпер нейкія там правайдары ды хтосьці яшчэ будуць бачыць, хто якія ролікі глядзеў. Выглядае на ўварванне ў прыватнае жыццё.

Падобны нагляд супярэчыць Канстытуцыі Беларусі аб праве на прыватнае жыццё і таямніцу перапіскі (артыкул 28). Канешне, пакуль змесціва вашых камунікацый афіцыйна застаецца па-за кантролем, але калі, з кім, з якой прылады, дзе вы камунікуеце, як мінімум, ужо гэта – уласнасць правайдэраў і можна лічыць дзяржавы. У адсутнасць заканадаўства па абароне персанальных дадзеных гэта вельмі істотнае пагаршэнне сітуацыі з свабодамі грамадзянаў.

Ці ёсць на Захадзе такія правілы, што правайдары павінны збіраць падобныя дадзеныя? Напрыклад, у Францыі ды Бельгіі цяпер абвешчаны найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Ці ў гэтых краінах таксама збіраюць інфармацыю пра карыстальнікаў?

Нагляд за карыстальнікамі існуе і ў краінах Захаду. Дзесьці гэта легальна робіцца, дзесьці – праз шэрыя схемы, у тым ліку, праз дзейнасць спецслужбаў. Казаць пра эфектыўнасць тут не выпадае, бо тэракты здараюцца менавіта там, дзе гэты нагляд ужо існуе не першы год.

Канешне, усё абмежаванні прыдумваюцца, з аднаго боку, дзеля падтрымання бяспекі грамадзянаў. Хто, напрыклад, будзе супраць пастановы ўраду Беларусі, якую прымаюць, каб супрацьдзеяць распаўсюду наркотыкаў? Але, з іншага боку, законапаслухмяным грамадзянам не даецца ніякіх рычагоў для збалансавання гэтых абмежавальных захадаў.

Адсутнасць закона пра ахову персанальных дадзеных – вялікая пагроза свабодзе грамадзянаў. Такія законы існуюць шмат у якіх краінах. Беларусь таксама мусіць мець такі закон, каб грамадзяне маглі адстойваць права на сваё інтымнае, прыватнае жыццё.

Прынятая ж пастанова дазволіць хутчэй вылоўліваць дробных недасведчаных спажыўцоў або распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. Але наўрад ці – дасведчаных тэрарыстаў ці дылераў.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў