Цвіль на сценах, жудасны пах, паразіты і мышы. З чым сутыкаюцца адміністратыўна арыштаваныя?


Умовы ўтрымання адміністратыўна арыштаваных удзельнікаў мірных дэманстрацыяў у Менску мелі форму жорсткага, бесчалавечнага, прыніжальнага абыходжання, што супярэчыць абавязкам дзяржавы, замацаваным у Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дакументах.

Такую выснову робяць беларускія праваабаронцы па выніках апытання 130 чалавек, якія адбывалі адміністратыўны арышт у перыяд з 15 сакавіка па 19 красавіка.

На «соднях» правы арыштаваных масава парушаліся. Адміністрацыя месцаў адбывання арышту адмаўляла ім у медыцынскай дапамозе, міліцыя не паведамляла блізкім і родным затрыманых пра іх затрыманне. Частка апытаных скардзіліся на тое, што ім забаранялі перадачы ад сваякоў. У 83% выпадкаў адміністратыўна арыштаваныя не былі азнаёмленыя са сваімі правамі і абавязкамі, рэжымам утрымання, парадкам падачы хадайніцтваў і г.д.

Абсалютная большасць затрыманых паказалі, што не былі забяспечаныя своечасовым харчаваннем да пачатку адбыцця арышту, а калі яны ежу ўсе ж атрымлівалі, то яе якасць была нездавальняльная.

У Жодзінскім ІЧУ арыштаваныя скардзіліся на антысанітарныя ўмовы ўтрымання: сырыя брудныя камеры, адсутнасць вентыляцыі, жудасны пах каналізацыі, немагчымасць адчыніць вакно, цвіль на сценах, брудная бялізна з падцёкамі і паразітамі, а таксама паразіты і мышы ў саміх камерах. Акрамя таго, у камерах ІЧУ ў Жодзіна немагчыма захаваць інтымнасць падчас наведвання туалета: санвузел праглядаўся як з камеры, так і супрацоўнікамі ІЧУ.

Праваабаронцы патрабуюць ад міліцыі выключыць у далейшым факты жорсткага і прыніжаючага чалавечую годнасць стаўлення да затрыманых.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў