Цвік у труну камунізму або Размова з рэпрэсаваным дзедам

video

Рэжысёр Віктар Корзун пра свой фільм «Суд над камунізмам. Пачатак», камуністычную спадчыну і праблемы, якія не хочуць ведаць беларусы.

Нюрнбэргскі працэс над фашызмам быў для Еўропы вызначальным – ён даказаў: фашызм – гэта зло, злачынства супраць чалавецтва. Але сталінізм і камунізм ёсць ня меншымі злачынствамі. Такія самыя лагеры смерці, пераслед праціўнікаў рэжыму, тысячы закатаваных людзей.

Пра гэта сённяшні беларускі рэжым і ягоныя гісторыкі маўчаць. Але, калі грамадства не асудзіць гэтыя злачынствы, падобнае будзе паўтарацца. Гэта і адбываецца ў сучаснай Беларусі – ёсць палітычныя вязні, ужываюцца катавальні, адсутнічае дэмакратыя і свабода слова.

І хаця сённяшнія камуністы не пры ўладзе і нават адна з кампартыяў лічыцца сярод апазіцыі, яны па-ранейшаму ўскладаюць кветкі да помніку Леніну і нават калі апошнім часам змяняюць назвы партыі, дык гэта прадыктавана жаданнем не спужаць частку дэмакратычнага электарату, але не адмаўленнем ад ідэалогіі.

У 1937 годзе за антысавецкую прапаганду расстралялі майго дзеда. У сваім фільме «Суд над камунізмам. Пачатак» я хачу распавесці пра тое, што здарылася ледзь не з кожнай беларускай сям’ёй – рэпрэсіі і іхныя наступствы сёння. Шмат хто з нас ужо забыўся пра гэта або супакоіў сябе, што забыўся.

Сённяшняя ўлада эксплуатуе савецкія міфы і карыстаецца тымі ж метадамі, што і каты, якія адпраўлялі на расстрэл нашых сваякоў у 30-я гады.

Як па мне, сёння беларускае грамадства ў стане няпэўнасці і раўназначнасці адносна стаўлення да камунізму. Сваім фільмам я імкнуся змяніць баланс грамадства на карысць актыўных крытыкаў таталітарных ладаў.

Мы не развіталіся з мінулым. Мы ходзім па вуліцах, названых у гонар катаў і побач з помнікамі тым, хто даваў загады на рэпрэсіі, у тым ліку і адносна нашых сваякоў. Шмат хто з беларусаў не вызначыўся, шмат хто абыякавы да складаных працэсаў, што адбываюцца сёння.

У фільме «Суд над камунізмам. Пачатак» я спрабую паглядзець на гістарычныя і сучасныя падзеі вачыма забітага ў 37-м сваяка і адначасова з пазіцыі маладога актывіста Андрэя Кіма, які шукае звесткі пра свайго рэпрэсаванага прадзеда – і складаныя пытанні робяцца адназначнымі і простымі.

І бачна, якая вялізарная праца па дэкамунізацыі грамадства чакае наперадзе. Чакае кожнага з нас.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары