Цукеркі для Ісуса, Марыя і Іосіф сярод уцекачоў. Як калядныя шопкі набываюць рысы сучаснасці

Фота + Відэа

Маленькі Ісус у драўлянай калысцы, над якім сціпла схіляецца Маці Божая, а побач святы Іосіф з драўляным посахам мужна ахоўвае сваю сям’ю. Над імі – анёлы, а разам з імі пастушкі з авечкамі, вослікамі ды іншымі жывёлінамі. Але што тут робяць… уцекачы з Сірыі?

Звыклая, на першы погляд, сцэна Божага Нараджэння на фоне сірыйскіх ўцекачоў, вайны, бліскучых хмарачосаў, казіно і шыкоўных аўтаў з’явілася ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні. Гэтая інсталяцыя нагадвае вернікам, у якім свеце сёння нараджаецца Хрыстос. Сёлета Папа Рымскі заклікаў хрысціянскіх вернікаў быць міласэрнымі і дапамагаць сем’ям уцекачоў.

«Ідэя лётала ў паветры ўжо вельмі даўно. Сёлета, улічыўшы ўсе трагічныя падзеі, мы вырашылі яе ўвасобіць. Бо войны не спыняюцца, багацеі багацеюць і ў гэты самы момант прыходзіць Ісус на зямлю, да ўсіх, багатых і бедных, і хоча нешта нешта змяніць», – тлумачыць спадарыня Марына Валянцінаўна, адна з аўтарак каляднай шопкі.

Лялькі ў нацыянальных кацюмах паўднёвай Польшчы прыехалі ў Горадню разам з рухомай шопкай з Кракава

Гэткая батлейка – выдатны прыклад сімбіёзу традыцыйнай біблейскай і сучаснай культуры. У касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля можна падзівіцца на яшчэ адну, не меней цікавую батлейку, якая дзейнічае ў святыні ўжо сёмы год. Гэта вялікая рухомая шопка, якая дасталася гарадзенскім айцам-рэдэмптарыстам як падарунак з Кракава.

Зрабіў яе 85-гадовы айцец Казімір, які паходзіць з паўднёвай Польшчы і мае вялікі талент да розных механізмаў. Паміж сабою манахі называюць яго «залатой ручкай». Сем гадоў таму ён адмыслова прыехаў у Горадню і цягам месяца ўсталёўваў калядную шопку, якая сёння радуе вернікаў.

Сучасная калядная шопка. Тры каралі

Мясцовыя святары дадалі шопцы беларускія народныя матывы і разбавілі дзіцячымі цацкамі. Калі глядзіш упершыню, вочы разбягаюцца ад колькасці яскравых і самабытных дэталяў, якія ўвесь час рухаюцца. Акрамя Божага Нараджэння, у ёй паказаны іншыя біблейскія сцэны, такія як Вавілонская вежа, Адам і Ева ў райскім садзе, кароль Ірад ды інш. Шопку ўпрыгожваюць дзясяткі розных лялек, ёсць беларускія і польскія, ёсць дзіцячыя забаўкі, самалёцікі, карабельчыкі і машынкі, а ёсць лялькі выкананыя з гіпсу, з якога робяць зубы. Такая разнастайнасць і рознакаляровасць прыводзіць усіх дзетак у захапленне. На дадатак шопку можна пабачыць круглы год.

Сівая гісторыя святочных шопак

Калядная шопка братоў францішканаў ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Горадні

Беларуская назва «батлейка» не зусім дакладна адлюстроўвае значэнне касцёльнай выявы Божага Раства. У польскай мове ў большасці фігуруе назва «шопка» (ад нямецкага schoppen – хлеў), якая для каталіцкіх вернікаў Беларусі з’яўляецца больш зразумелай. Інакш таксама жлобак, вяртэп або яселка.

Батлейка ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фатымскай у Горадні

Першая выява з фігурамі святых Іосіфа і Марыі з маленькім дзіцяткам з’явілася яшчэ ў 330 г. у Віфлееме, дзе і нарадзіўся Хрыстос. Гэта быў невялікі жлобак з мармуру, выразаны ў скале. Пазней традыцыя трапіла ў Рым, адкуль распаўсюдзілася па ўсёй Італіі, якую сёння называюць радзімай шопак.

Паўстанне традыцыі таксама звязваюць са св. Францішкам Асізскім, які ў 1223 г. у сваёй манаскай пустэльні ў Грэччо разам з мясцовымі жыхарамі зладзіў першае ў гісторыі вяртэпнае прадстаўленне. Традыцыя вельмі хутка разышлася па краінах сярэднявечнай Еўропы. У Польшчы звычай вельмі хутка распаўсюдзіўся яшчэ ў ХІІІ ст., калі ў краіне з’явіліся айцы францішкане. Дзякуючы шопкам, можна было навочна праілюстраваць сцэну Божага Раства, пра якую толькі адзінкі, якія валодалі граматай і лацінскай або грэцкай мовамі, маглі самастойна прачытаць у Бібліі. На тэрыторыі ВКЛ, традыцыя прыняла форму народнага тэатру лялек, які празвалі «батлейкай».

Беларускія батлейкі

Дэталі рухомай шопкі ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні

Акрамя статуй з выявамі святой сям’і ў Беларусі звычай інсцэнізацыі Божага Раства ўвасобіўся ў адмыслова збудаваныя, рухомыя лялечныя тэатрыкі, якія акрамя рэлігійнай тэматыкі, з ценем гумару і драмы паказвалі жыццё простых людзей. Батлейкі распаўсюдзіліся па Беларусі ў 16-м ст. У момант, калі ад царкоўнікаў батлейку пераймаюць мяшчане, тэатр робіцца народным.

Вулічная шопка ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні

Батлейку рабілі ў форме вялікай драўлянай скрыні, за дзверцамі якой мясціліся некалькі балкончыкаў, на якіх адбывалася дзеянне. Лялькі рабіліся з дрэва і тканіны, валасы – з лёну ці аўчыны. Звычайна іх насаджвалі на галінкі або рабілі ў форме вяровачных марыянетак. Існавалі таксама ценявыя батлейкі. На вёсках батлейкі паказвалі да пачатку ХХ ст., а сёння батлейка з’яўяецца неацэнным культурным здабыткам беларусаў. Адзін з яе прыкладаў можна сёння ўбачыць у гарадзенскіх грэка-каталікоў, якія час ад часу ладзяць калядны лялечны тэатрык.

Сёння звычай ладзіць святочныя калядныя шопкі практыкуецца ў кожным касцёле ў Беларусі. Мода на іх распаўсюдзілася пасля падзення камунізму, якое ўрэшце дазволіла вернікам уздыхнуць свабодна. Звычай існаваў нашмат раней, але менавіта ў 90-х ён атрымаў свой размах. Пры гэтым нават у наш час жывуць беларускія традыцыі, якія бяруць свой пачатак у сівыя дахрысціянскія часы. Часам наведваючы калядныя шопкі, можна заўважыць яскравыя цукеркі, якія вернікі пакідаюць маленькаму Ісусу. Такую практыку, можна аднесці да звычаю прынашэння ахвяраванняў продкам.

Глядзіце ўсе фота:

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары