Цукерберг прызнаў, што «не апраўдаў давер» карыстальнікаў Facebook


Кіраўнік найбуйнейшай сацыяльнай сеткі Марк Цукерберг прызнаў, што кіраўніцтва «Фэйсбука» дапусціла некалькі памылак, якія ў выніку прывялі да таго, што асабістыя дадзеныя мільёнаў карыстальнікаў былі выкарыстаныя паліттэхнолагамі.

Кампанію Cambridge Analytica абвінавачваюць у неналежным выкарыстанні персанальнай інфармацыі ў інтарэсах сваіх кліентаў з палітычных колаў.

Цукерберг апублікаваў заяву, прызнаўшы, што давер карыстальнікаў сацсеткі быў парушаны.

Крыху пазней ён даў інтэрв’ю CNN, падчас якога выказаў шкадаванне з нагоды таго, што здарылася і паабяцаў прыняць меры супраць «ашуканскіх прыкладанняў».

Ён таксама заявіў, што ахвотна дасць паказанні ў кангрэсе, «калі менавіта так неабходна паступіць».

У апублікаванай заяве кіраўнік Facebook паабяцаў ускладніць доступ іншых прыкладанняў да любой інфармацыі пра карыстальнікаў.

«Мы нясем адказнасць за абарону вашых дадзеных, і калі мы не можам іх абараніць, то мы ня вартыя таго, каб вы карысталіся нашымі паслугамі», – напісаў Цукерберг.

KA, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў