Цукерберг прыкрыў «фабрыку троляў»


З сацыяльнай сеткі Facebook выдалена больш за 270 акаўнтаў і старонак, якія маглі нібыта кантралявацца арганізацыяй «Агенцыя інтэрнэт-даследванняў». Гэтая арганізацыя больш вядома як «Ольгінскія тролі». Раней гэтую арганізацыю абвінавацілі ў аказанні ўплыву на прэзідэнцкія выбары ў ЗША.

«Мы зрабілі важны крок, які накіраваны на абарону сумленных выбараў па ўсім свеце, выдаліўшы больш за 270 старонак і акаўнтаў, якія кіраваліся расейскай арганізацыяй пад назвай «Агенцыя інтэрнэт-даследаванняў». Гэта расейская агенцыя пастаянна дзейнічала падманным шляхам і спрабавала маніпуляваць людзьмі ў ЗША, Еўропе і Расеі, і мы больш не хочам бачыць іх у Facebook або дзе-небудзь у свеце», – кажа Цукерберг.

Заснавальнік Facebook адзначае, што пасты «фабрыкі троляў» былі накіраваныя не толькі Расею, але і на расейскамоўных жыхароў Украіны, Азербайджану і Узбекістану.

Таксама Цукерберг адзначыў, што хутка яны ўвядуць у дзеянне механізм, які дапаможа спраўдзіць карыстальніку ці не падпісаны ён на акаўнты, якія належыць «фабрыцы троляў».

У лютым гэтага году ўлады ЗША абвінаваціла 13 грамадзянаў Расеі ва ўмяшальніцтве ў выбары прэзідэнта Амерыкі. Сярод іх дванаццаць супрацоўнікаў «Агенцыі інтэрнэт-даследванняў».

ГА, belsat.eu. Фота: AFP / JONATHAN NACKSTRAND / FORUM

 

Стужка навінаў