Цукар для сепаратыстаў: як Беларусь гандлюе з «ЛНР» і «ДНР»


Ілюстратыўнае фота

Пра гэткі экспарт не паведамляюць афіцыйныя сайты прадпрыемстваў, маўчаць пра паспяховы бізнес і чыноўнікі. Гарадзейскі цукровы камбінат, які ўваходзіць у дзяржаўны канцэрн харчовай прамысловасці, экспартуе цукар у Данецк і Луганск.

Пра гэта стала вядома, калі партал «Беларускі партызан» апублікаваў фота пакунку тавару, прызначанага для «ЛНР-ДНР».

Луганскі холадакамбінат і ТАА «Донпродрезерв» набываюць цукар, выраблены на Гарадзейскім цукровым камбінаце, але на афіцыйным сайце апошняга інфармацыі пра гэта няма, кампаніі з Данбасу не пералічаныя сярод партнёраў беларускага прадпрыемства.

Мы звязаліся з намеснікам дырэктара па камерцыйнай дзейнасці Гарадзейскага цукровага камбінату Андрэем Бацкелем:

«Па-першае, адкуль я ведаю, з кім размаўляю? Па-другое, такой інфармацыі я вам не магу прадставіць. Не гандлюем мы з Данецкам і Луганскам. У нас ёсць партнёры ва Украіне, на Расею таксама ідзе прадукцыя…» –  сказаў ён.

Тым часам прадстаўнік ТАА «Донпродрезерв», які не пажадаў называць свае імя, пацвердзіў факт супрацы з Гарадзейскім цукровым камбінатам.

«Так, працуем даволі даўно і аб’ёмы паставак вялікія. Не магу назваць дакладную лічбу, але вялікія. У асноўным, гэта гатовы цукар-пясок, які ідзе да нас у мяшках».

Мы патэлефанавалі на Луганскі холадакамбінат, па нумары, пазначаным у рэквізітах на пакунку. Адказны за ўзаемадзеянне з беларускімі партнёрамі таксама пацвердзіў, што гандаль з Гарадзеяй ідзе, але адмовіўся назваць канкрэтныя лічбы.

Раней мы пісалі пра пастаўкі карысных выкапняў з шахтаў Данбасу ў Беларусь. Гэтак, антрацыт з шахтаў, што знаходзяцца на падкантрольнай сепаратыстам тэрыторыі, трапляе на Скідзельскі і Гарадзейскі цукровыя камбінаты. Абодва ўваходзяць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрну харчовай прамысловасці.

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што ніякіх гандлёвых зносінаў датычна імпарту вугалю на дзяржаўным узроўні Беларусь і ДНР-ЛНР не маюць і перамоваў на гэты конт не вядуць. Аднак адзін з чыноўнікаў Мінэнэрга ЛНР Віктар Ткачэнка паведаміў belsat.eu: такія перамовы як раз вядуцца, а пакуль карысныя выкапні ў іх купляюць дробныя прыватныя беларускія прадпрыемствы.

Эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрвю belsat.eu выказваў меркаванне, што гандаль паміж беларускім бокам і сепаратыстамі будзе ажыццяўляцца «праз фірму-пракладку», каб не рабіць гэтага наўпрост. Неўзабаве мы знайшлі адну з такіх фірмаў – «Белкарбатранс», якая ў 2015-16 гадах пастаўляла данбаскі антрацыт на дзяржаўныя цукровыя камбінаты. Як высветлілася, адзін з такіх камбінатаў, у сваю чаргу, гандлюе з так званымі ЛНР-ДНР.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары