Цуды і сведчанні. Завяршэнне дзённіка пілігрыма

photo

У даўжэзных чэргах па ежу, у перапоўненым цягніку, ідучы кіламетраў 15 па гарадской спякоце, я штораз задумвалася: «Госпадзе! Дзеля чаго Ты мяне сюды прывёў?!»

Апошняя дарога

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_02

Мы молімся на каленях і адчуваем, як пад намі прасядае зямля. Раней на месцы кампусу «Miserocordiae» («Міласэрнасць») у прадмесці Бжэгаў было пустое поле і балота. Адмыслова для Сусветных Дзён Моладзі тут абсталявалі каналізацыю, асвятленне, засыпалі роўную паверхню, а салдаты збудавалі часовыя масты.

Плошча кракаўскіх лугоў Блоня, дзе адбываліся імшы ўвесь гэты тыдзень – 40 гектараў , то бок 12 футбольных палёў. Прастора ў Бжэгах, дзе прайшлі фінальныя мерапрыемствы, больш за 200 гектараўз! Мясцовыя СМІ называюць колькасць удзельнікаў апошняй малітвы з Папам ад 2,5 млн да 3 млн асобаў.

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_10

Гарадскія аўтобусы і трамваі тапіліся ў заторах – пілігрымы ішлі сюды пешшу больш за 10 кіламетраў на спякоце. Таксама на полі ўсе заставаліся начаваць, каб пасля вечаровага чування ўдзельнічаць у завяршальнай імшы.

Шчыра, спаць пад адкрытым небам на асушаным балоце сярод натоўпу, мяжы якому не відаць да самага далягляду, было неяк… страшнавата. Збоку гэта нагадвала сходы першых хрысціян у старажытным Рыме: мільёны безабаронных людзей! Як ні дзіўна, я добра выспалася і прачнулася пад гукі са сцэны: «Добрая навіна! Папа ўжо выехаў да нас!»

У навушніках слухаю радыё, праз якое ўвесь час трансляваліся пераклады зваротаў Папы на розныя мовы.

«Наркатычнае мысленне пра сябе і сваю выгоду»

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_15

«Вы хочаце быць свабоднымі? Вы хочаце быць хуткімі? Вы хочаце змагацца за сваю будучыню?» -гэтыя словы Папы Францыска публіка сустрэла доўгай авацыяй.

«Каханыя маладыя, мы мусім бараніць нашу вольнасць. Шмат хто не хоча, каб вы такімі былі. Езус хоча, каб ты памяняў канапу на боты і пайшоў па дарогах, пра якія нават і не марыў! Пойдзеш?» – казаў апостал Пётр нашага часу.

Няцяжка здагадацца, што ў пасланні маладым людзям Папа вучыў прыказанням любові і міласэрнасці. Ягоныя словы не былі ментарскімі ці мудрагелістымі. Звычайная мова старэйшага чалавека. Ён перасцярог пра небяспекі сённяшняга свету: эгаізм, смутак, жыццё ў віртуальнай рэальнасці, залежнасці і найважнейшую – «наркатычнае мысленне сябе і сваю выгоду».

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_26Па-чалавечы простае настаўленне даў і галава каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч пад сустрэчы з беларускай моладдзю:

«Мне было балюча глядзець на дзяўчыну ў аэрапорце пад час сустрэчы Папы Рымскага. Дзе-дзе, але я не чакаў, што ўбачу такое ў Польшчы! У яе на майцы напісана «Carpe diem»: «Лаві момант», «Бяры ад жыцця ўсё». Я не хачу бачыць такога ў Беларусі. Я хацеў бы, каб вы ўжо адным сваім вонкавым выглядам сведчылі сённяшняму свету пра Хрыста».

З уласцівай яму эмацыйнасцю – праз слёзы – ён казаў, што сёння свет не верыць настаўнікам. Людзям неабходныя сведкі.

Post Sciptum

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_27

Паводле законаў жанру, я павінна расказаць пра цуды, якія абавязкова мусілі б здарыцца са мной цягам гэтага духоўнага падарожжа.

Цудаў не будзе. Усё ж большасць перажыванняў – усярэдзіне.

Гэтым летам я не пайшла ў сваю звычайную пілігрымку з Віцебску ў Полацк: расставіла прыярытэты на карысць працы.

Аднаго вечару я трапіла на афіцыйны сайт Сусветных Дзён Моладзі і стала па ім «гуляць». Я і раней чула, што гэта самая вялікая хрысціянская тусоўка ў свеце, але не магла ўявіць, што аж настолькі.

Мільёны пілігрымаў, сотні актыўнасцяў і лакацый, дзясяткі спецпраектаў у вядомых польскіх СМІ.

Гэта адбываецца так блізка! А я не пабачу?.. Я свабодна размаўляю па-польску, але не пазнаёмлюся ні з кім цікавым, бо мяне там не будзе?.. Як туды трапіць? Як аплочваць? Як рэгістравацца?

Яшчэ адно шкадаванне было звязана з рэкамендаваным узростам для ўдзельнікаў: ад 14 да 30. Сёлета – апошні год, калі я трапляю ў гэты цэнз.

«Сама вінаватая, што інтарэс да такіх мерапрыемстваў у цябе з’явіўся толькі цяпер», – пакусала сабе локці і забылася.

Праз пару дзён тэлефануе знаёмая:

«Ведаеш, што? У адной парафіі раптоўна вызваліўся пакет пілігрыма. Хочаш паехаць?»

Я да апошняга моманта не верыла, што гэта праўда…

Толькі Бог можа так шыкоўна вырашаць пытанні. Ты не ідзеш да Яго – Ён першы ідзе насустрач. Ты толькі падумала, а Ён ужо робіць. Ты губляешся з-за складанасцяў – Ён дае табе ўсё гатовае. Ты засмучаешся, што ўжо занадта позна – Ён арганізоўвае справы так, што ты ў апошні момант паспееш!

Роўна на наступны дзень пасля заканчэння Сусветных Дзён Моладзі мне споўнілася 30.

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_25

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_39

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_42

Piligrymka_to_Misecorida_Campus_34

ADkrytse_SDM_2016_12

Хрысціна Марчук, belsat.eu

Фота Вячаслава Радзіміча.

Глядзі таксама
Каментары