«Тут дрэннае паветра каля суда нават». Актывісты прыйшлі на працэс журналісткі ў масках


Пад прэсінг уладаў трапляюць не толькі незалежныя прафсаюзы, але і незалежныя журналісты.

Дзясяткі судоў і тысячы долараў штрафаў, бясконцы, нават фізічны ціск і пераследы – гэта штодзённасць тых беларускіх журналістаў, якія распавядаюць пра рэальнае жыццё ў краіне. А самая вялікая ўвага праваахоўнікаў, спецслужбаў і ўладаў менавіта да тых, хто супрацоўнічае з нашым тэлеканалам, ці тых, чые матэрыялы патрапілі ў наш эфір.

Праца беларускага незалежнага журналіста – заўсёды быць прыгатаваным да адказу ў таемнай вайне, абвешчанай уладамі.

Калі затрыманні, запужванні і штрафы не дапамаглі, у хаду напярэдадні пайшло невядомае хімічнае рэчыва. Наш калега з Гомлю Канстанцін Жукоўскі рабіў сюжэт пра падазрэнне свіное чумы, але з прыкметамі атручання трапіў у шпіталь.

«Супрацоўнікі міліцыі і практычна ўся ўлада не жыве паводле законаў. Яны жывуць па панятках. Прыбягае невядомы чалавек з балонам невядомага рэчыва і пачынае абліваць з ног да галавы. Стаяць супрацоўнікі міліцыі і ніяк не рэагуюць. Гэта азначае, ці ўжо дадзеная адмашка на адстрэл незалежных журналістаў і апазіцыянераў, ці тое, што без указкі зверху яны ўжо нічога не могуць зрабіць», – кажа Кастусь Жукоўскі.

Гомельскі журналіст стаўся абсалютным рэкардсменам у колькасці штрафаў за працу без акрэдытацыі. Толькі за апошнія тры гады яго штрафавалі 17 разоў на агульную суму, паводле сённяшняга курсу, больш за $ 6 тыс.

Такі рахунак за дзясяткі відэасюжэтаў. А гэта і пра крызіс на заводзе «Гомсельмаш», і мальба пра дапамогу жыхароў Рэчыцы, і выміранне беларускіх вёсак. Жукоўскі заўсёды там, дзе гучаць вялікія праблемы маленькага чалавека. Апошні штраф – за сюжэт пра нелегальны выкід адкідаў са свінакомплексу – журналіст атрымаў завочна.

«Уладзе ўжо не патрэбныя нейкія фармальнасці. Ужо не да фармальнасцяў. Трэба душыць народ. Трэба закрываць рот журналістам. Яны ўжо дакіраваліся, што ўсё знаходзіцца ў пятай кропцы», – працягвае Кастусь Жукоўскі.

А калі гаварыць зрабілася немагчыма, але і маўчаць нельга, журналіст нават зашываў сабе рот.

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову таксама чарговы раз асудзілі. Штраф 35 базавых, ці 805 рублёў. Артыкул той жа – праца без акрэдытацыі.

За апошнія тры гады яе штрафавалі дзесяць разоў у эквіваленце амаль на $ 3 тыс. Таксама былі пагрозы адабраць сына сацыяльнымі службамі.

«Проста гэты пралайдачаны рэжым, ён ужо не ведае, чым яму гандляваць, разумееце. Ён можа толькі набраць закладнікаў – журналістаў, грамадска-палітычных актывістаў, прафсаюзнікаў. Можа набраць закладнікаў і вось гандлявацца імі з заходнікамі, каб далі грошай», – адзначае Ларыса Шчыракова.

На ўчорашні суд журналістка прыйшла з часныком, каб выгнаць злых духаў з суда. На мінулае паседжанне яна прыходзіла з пятлёю на шыі як сімвалам ейнае штодзённае працы.

Гомельскі блогер Віктар Рубцоў кажа, што «дыхаць ля суда немагчыма»:

«Тут дрэннае паветра каля суда нават. Таму што гэта не суд, гэта судзілішча. Незалежна ні ад чога ў нас не працуюць законы, у нас працуе тэлефонная права: то бок прыходзіш на суд, каб пачуць, што нехта патэлефанаваў і сказаў памер штрафу».

Калі прыгледзецца да штрафаў, якія прыводзіць у маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», атрымаецца, што за апошнія тры гады з 63 штрафаў толькі 10 не датычылі супрацы з нашым тэлеканалам.

Спіс увесь час дапаўняецца. А нашыя калегі кожную раніцу выходзяць на працу, хаця ніколі не ведаюць, што будзе ўвечары.

Глядзіце таксама:

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Стужка навінаў