Цімашэнка спадзяецца стаць апошнім прэзідэнтам Украіны


Лідарка украінскай партыі «Батьковщина» Юлія Цімашэнка заявіла, што прыме ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у 2019 годзе і мае намер стаць апошнім прэзідэнтам Украіны.

Пра гэта яна паведаміла ў сераду ў час відэаканферэнцыі ў Facebook.

«Я буду балатавацца на пасаду прэзідэнта Украіны», – сказала Цімашэнка.

Паводле яе слоў, першае, што яна зробіць у выпадку перамогі – правядзе рэферэндум па прыняцці новай Канстытуцыі. Таксама Цімашэнка паабяцала не «гуляцца ў аўтарытарызм і манаполію ўлады».

Цімашэнка разлічвае, што ўжо па новай Канстытуцыі восенню 2019 года будуць праведзены парламенцкія выбары.

Акрамя таго, на пасадзе прэзідэнта Цімашэнка плануе дэманапалізаваць ўладу, «зрабіць з аднаго боку яе мацнейшай у плане рэалізацыі стратэгіяў, а з другога боку – правільна збалансаванай, арганізаванай, падкантрольнай грамадству».

Цімашэнка выказала здагадку, што пасля змены Канстытуцыі яна можа стаць апошнім прэзідэнтам Украіны, пасля чаго краінай будуць кіраваць канцлеры.

Як сведчаць вынікі апытання Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, калі б выбары прэзідэнта Украіны праходзілі ў красавіку 2018 года, то ў першым туры больш за ўсё галасоў атрымала б менавіта Юлія Цімашэнка.

ІІ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў