«Цікавінка, а не проста мяса»: бабрыную каўбасу плануюць экспартаваць


У Беларусі так шмат баброў, што вырабы з мяса гэтай жывёліны плануюць прадаваць за мяжу.

Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Сяргей Шастакоў падчас дэгустацыі прадукцыі з мяса дзікіх жывёлінаў на выставе «Паляванне і рыбалоўства. Вясна-2017».

«Гэта не кураціна, не свініна, якую бачым паўсюль на прылаўках, гэта ўсё ж такі абмежаваная партыя прадукцыі, цікавінка», – сказаў Сяргей Шастакоў.

На дэгустацыі прадставілі пробную партыю каўбасы з бабра двух відаў (з дадаткам дзікай качкі і аленіны), а таксама шашлык з бабра.

Паводле чыноўніка, мяса бабра па сваёй структуры даволі вадзяністае, таму паводле рэцэптуры яго пажадана змешваць з іншымі відамі. У каўбасе з выставы 30% мяса бабра і 70% аленіны.

Вытворчасць каўбасы з бабра плануюць распачаць увосень-узімку сёлета, бо сезон палявання на жывёліну пачынаецца з 1 верасня. Агулам у Беларусі забіваюць каля 9 тысяч баброў штогод. Прыкладна 30-40% пойдзе на каўбасу, кажа Шастакоў. Кошт каўбасы-«цікавінкі» можа скласці 25-30 рублёў за кілаграм.

У студзені 2017  у Байнэце з’явілася петыцыя супраць вытворчасці каўбасы і тушонкі з бабра, пад якой падпісалася больш 130 тысяч чалавек.

ДР belsat.eu паводле belta.by

Стужка навінаў