Ці з'едзе моладзь з Украіны пасля адмены візаў у Еўропу? (Інтэрвʼю)


Кіраўніца аддзялення арганізацыі «Бацькіўшчына молода» Таццяна Арцёменка распавядае пра доўгачаканае рашэнне Еўразвязу і дае прагноз, ці кінуцца маладыя ўкраінцы на Захад.

Суразмоўца нашага тэлеканалу ўзначальвае чаркашскае аддзяленне арганізацыі «Бацькіўшчына молода».

«Белсат»: Вашыя суграмадзяне доўга чакалі гэтай навіны.

Таццяна Арцёменка: Для ўсіх украінцаў гэта доўгачаканая і радасная навіна, яна азначае, што ЕЗ пазітыўна ўспрымае тыя змены і рэформы, якія наш урад праводзіць.

Значна палепшылася сітуацыя з праваахоўнымі органамі, як і ў пытаннях юстыцыі. У леташнім снежні ўкраінскі ўрад цалкам забяспечыў выкананне ўсіх нормаў, якія патрабаваў ад нас ЕЗ для таго, каб рашэнне па лібералізацыі візавага рэжыму для ўкраінцаў уступіла ў сілу. Гэта акурат тое, за што змагаліся ўкраінцы ў канцы 2013 і ў 2014 годзе. Гэта тое, чаго хацеў Майдан, чаго хацеў украінскі народ.

«Белсат»: Наколькі ўкраінская моладзь зацікаўленая ў падарожжах у Еўропу і ці чакаеце вы ўсплёску выезду маладых украінцаў у замежжа?

Таццяна Арцёменка: Моладзь – найбольш мабільная катэгорыя грамадства. Маладосць – той час, калі трэба вывучаць свет, калі трэба вандраваць і спрабаваць сябе ў тым ці іншым амплуа. Я непасрэдна працую з моладдзю і ведаю, наколькі ўкраінская моладзь чакае, калі Еўрапарламент нарэшце зацвердзіць гэтыя нормы для ўкраінцаў. Гэта не азначае, што ўсе паедуць. Зараз вельмі шмат маладых людзей навучаюцца ў Еўропе, атрымліваюць якасную еўрапейскую адукацыю і пасля вяртаюцца, каб змяніць нашую краіну. Існуе шмат стыпендыяльных праграмаў, шмат адукацыйных візітаў, але моладзь ва Украіне зараз вельмі патрыятычная.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў