Ці ёсць жыццё пасля UBER? Тэстуем менскі каршэрынг


Страшныя паведамленні сталі паступаць ад карыстальнікаў UBER пасля яго аб’яднання з расейскім сэрвісам «Яндекс.Такси». То машына – вядро з балтамі, то завоблачны цэннік за паездку, то кіроўца ўцякае ад ДАІ, то неадэкватна рэагуе на беларускую мову і выкідвае рэчы пасажыра. Страшна жыць! І ездзіць таксама страшна… Сталыя кліенты сэрвісу сцвярджаюць – UBER у Беларусі памёр.

Што ж рабіць? Куды бегчы? На чым ездзіць? 30-градусная спёка нібы намякае – у грамадскі транспарт не лезь, там душагубка. У метро, ​​вядома, лепш, але на ім не паўсюль даедзеш. Таксоўка? Аўтаў з тэрміналам не так шмат. Зноў гатоўка? XXI стагоддзе, агу! Сёння ты вяртаешся да гатоўкі, а ўжо заўтра стаіш у лапцях і трымаеш у руках берасцяную грамату? Не варыянт. Ды і ўжо неяк звыкла – сеў, паехаў, выйшаў, грошы аўтаматычна спісаліся з карты.

Ёсць некалькі сэрвісаў, якія працуюць паводле падобнай сістэмы, напрыклад, Next.App, але ў яго мабільнае прыкладанне не вельмі: не заўсёды дакладна вызначае месцазнаходжанне, даводзіцца пасля тэлефанаваць кіроўцу, тлумачыць. У IQtaxi функцыя прывязкі карты дадалася толькі 27 ліпеня, таму пакуль не ведаем, як яна працуе. Але гэта цікава, што замова машыны адбываецца ў выглядзе аўкцыёну або нават тэндару. Кіроўцы розных аўтаў скідваюць табе прапановы коштаў, а ты ўжо выбіраеш, на чым і за колькі хочаш ехаць.

Незаўважна шмат для каго ў Беларусь стала прабірацца цывілізацыя, і ў Менску ўжо ажно два сэрвісы каршэрынгу. Мы знайшлі яшчэ трэці, але ён крыху дзіўны: на сайце няма тарыфаў і дамову трэба ісці падпісваць у офіс кампаніі. Каршэрынг – сэрвіс кароткатэрміновай арэнды аўтамабіляў.

Два асноўныя сэрвісы на дадзены момант – Drivetime і Везуха. Іх мы і апрабавалі.

Drivetime першым прыйшоў на рынак Беларусі ў 2017 годзе. Машын не так ужо і шмат – пара дзясяткаў на двухмільённы Менск. Спачатку кліенту трэба было рэгістравацца ў сістэме, а потым ісці падпісваць дамову ў салон МТС. Але, мабыць, зараз адмовіліся ад падпісання дамоваў, таму што нам удалося зарэгістравацца ў сістэме са смартфона.

Каб зарэгістравацца ў сістэме Drivetime, трэба спампаваць прыкладанне на смартфон, запоўніць усе неабходныя палі (імя, прозвішча, нумар тэлефону і г.д.), пасля трэба дадаць фота дакументаў (пасведчання кіроўцы з вонкавага і адваротнага бакоў, фота першай старонкі пашпарту і старонкі, дзе паказаная рэгістрацыя) і сэлфі з пасведчаннем кіроўцы ці пашпартам.

Важна! Карыстацца каршэрынгам могуць толькі тыя, каму больш за 21 год. Неабходны стаж кіроўцы – 1 год.

Рэгістрацыя ў нас заняла каля 7 хвілінаў. Пацверджанне рэгістрацыі прыйшло праз хвілін 15. Прывязаць банкаўскую карту справа яшчэ дзвюх хвілін. Усё, можна ехаць.

Легенда: зʼездзіць у краму па які-небудзь сувенір. Кропка А – усім вядомая Хіпстэрштрасэ, вуліца Кастрычніцкая. Адкрываем прыкладанне і бачым, што бліжэйшая машына ў 40 хвілінах хады на Платонава, а бясплатнае браніраванне дзейнічае толькі 20 хвілінаў, потым 6 капеек за хвіліну. Скіроўваемся ў бок Платонава. Пакуль дабраліся, машыны на месцы не аказалася, трэба было браніраваць. Пакаціла машынка аж на Акадэмічную. Ну, што рабіць, далей ідзем да мэты – браніруем машыну. Прыкладанне паказвае, дзе яна стаіць, як выглядае і якія мае рэгістрацыйныя нумары. На Акадэмічнай нас чакае чырвоны забрэндзіраваны Ravon R2 – невялікае гарадское аўта.

Падыходзім да машыны, адчыняем прыкладанне Drivetime, пачынаем паездку. Выбіраем тарыф. Drivetime прапануе тры тарыфы:

Хвілінны – 29 капеек за хвіліну;

Содні 45 – 45 рублёў за 1440 хвілін і 45 кіламетраў прабегу (звышпрабег – 19 капеек за кіламетр);

Содневы 79 – 1440 хвілін і 300 кіламетраў (звышпрабег – 15 капеек за кіламетр).

Мы выбіраем хвілінны тарыф. Прыкладанне просіць агледзець машыну на наяўнасць пашкоджанняў, калі ўсё добра, то націскаем адну кнопку, калі не – націскаем іншую. У нас знешне аўтамабіль быў у нармальным стане. Націскаем кнопку, што ўсё добра, і машына сама адчыняецца.

І вось тут неспадзяванка – з машыны дыхнула стаматалагічным кабінетам. Цалкам магчыма, што на спякоце пластык дае такі пах. Ну, або ў машыне тусаваліся стаматолагі. Там, дзе павінная быць папяльнічка, ляжаць нейкія паперкі, выкарыстаны пропуск на паркоўку лётнішча і яшчэ нейкае смецце. Салон брудны, на падлозе валяюцца нейкія ці то чыпсы, ці то кавалкі печыва, валасы і розная гадасць. Так сабе гісторыя, агулам. Ну але добра! Мы столькі ўсяго прайшлі, каб праехаць на гэтай машыне, што бруд на падлозе – гэта ўжо дробязі.

Адкрываем бардачок і правяраем дакументы: тэхпашпарт, страхоўка, сертыфікат тэхагляду – усё ў парадку. Едзем.

Усе машыны з аўтаматычнай каробкай перадач. Я 12 гадоў езджу на механіцы і гэты шайтан прымусіў мяне крыху разгубіцца. Прывычна, вядома, калі аўтамабіль цалкам пад тваім кантролем, але ў гарадскіх умовах, напэўна, аўтамат трошкі палягчае жыццё.

Стартуем у бок праспекта Машэрава. Аўтамат у машыне трохі тупаваты, разганяецца павольна. Хоць, можа, гэта ў мяне такія адчуванні, бо сама езджу на двухлітровіку, мабыць, не хапае магутнасці. Салон у пашыранай камплектацыі, наперадзе і ззаду – электрападʼёмнікі, ацяпленне сядзенняў, вядома, ёсць і кандыцыянер, які ў 30-градусную спёку быў вельмі дарэчы.

У машыне няма ладавання для тэлефона, што вельмі дзіўна для сэрвісу, які завязаны на смартфон. А раптам сядзе батарэя? Як тады завяршыць паездку? Яшчэ адзін мінус – адсутнасць мацавання для смартфона. Людзі ўсё-ткі карыстаюцца навігатарамі, і хацелася б замацаваць на бачным месцы смартфон. Я вельмі часта карыстаюся навігатарам, і хацелася б замацаваць смартфон у зручным месцы. Нішы ў аўце не дазваляюць зручна пакласці тэлефон, каб карыстацца навігатарам.

Даязджаем да патрэбнай нам кропкі. Выключаем фары, закрываем вокны, ставім машыну на ручнік. У прыкладанні заканчваем паездку, выскоквае акно з просьбай зрабіць фота аўтамабіля. Робім фота, адпраўляем, машына блакуецца, а з карты спісваюцца грошы.

Важна запаркаваць у адпаведным ПДР месцы. На платных паркоўках таксама можна пакінуць машыну, але толькі на тых, з якімі ў кампаніі ёсць дамова.

У выніку маем: 20 хвілін паездкі, 6 кіламетраў прабегу і 5 рублёў 89 капеек да аплаты. У прынцыпе, абсалютна нармальны кошт. Магчыма, крыху танней, чым атрымалася б таксоўкай. Машына была брудная, але, спадзяемся, што гэта выключэнне. Малалітражка – гэта, вядома, выпрабаванне для тых, хто прызвычаіўся ездзіць на машынах з больш магутнымі маторамі. Drivetime прапаноўвае не толькі Ravon, але і Volkswagen Polo, Nissan Almera, Renault Stepway і іншыя, так што можна трапіць і на больш шуструю машыну. Велізарны плюс у тым, што аўта можна запаркаваць на лётнішчы.

Везуха – досыць свежы сэрвіс каршэрынгу ў Менску, працуе менш за месяц.

Сістэма рэгістрацыі дакладна такая ж, як і ў Drivetime: спампоўваем прыкладанне на смартфон, запаўняем усе неабходныя палі, дадаем фота дакументаў.

Рэгістрацыя заняла каля 8 хвілінаў і хвілін 10 на пацверджанне.

Легенда: зʼездзіць папіць кавы на Хіпстэрштрасэ. Кропка A – станцыя метро «Фрунзенская». Адкрываем прыкладанне і зноў усё сумна – бліжэйшая машына ў гадзіне хады. Насамрэч хутчэй і бліжэй на метро да станцыі «Першамайская» даехаць. Ну, добра, скіроўваемся да машыны, якая стаіць зноў жа на Платонава.

Адным клікам браніруем (бясплатнае браніраванне 20 хвілін, пасля – 5 капеек за хвіліну). Прыкладанне паказвае нам прыкладнае месца, дзе стаіць машына. Падыходзім і бачым Nissan Almera з налепкай «Везуха» на борце.

Алгарытм дзеянняў такі ж самы, як і з Drivetime. Толькі ў адрозненні ад Drivetime Везуха прапаноўвае большы выбар тарыфаў:

Хвілінка – 29 капеек за хвіліну;

Па раёне – 55 рублёў за 24 гадзіны і 55 кіламетраў (звышпрабег 20 капеек за хвіліну);

Вялікі горад – 65 рублёў за 24 гадзіны і 100 кіламетраў (звышпрабег 20 капеек за хвіліну);

Дальнабой – 79 рублёў за 24 гадзіны і 200 кіламетраў (звышпрабег 20 капеек за хвіліну).

Выбіраем тарыф і сядаем у машыну. Падобна, што Almera у базавай камплектацыі. Але ў адрозненні ад папярэдняга Ravon у Drivetime вельмі чыстая. У бардачку дакументы і чып для запраўкі.

Як і ў Drivetime, няма мацавання для тэлефона, але ёсць зарадка на тры раздыманні.

Рухаемся ў бок Кастрычніцкай, але наведваем яшчэ на некалькі адрасоў. Зноў жа машына на аўтамаце, але тут ён больш шустры. На дарозе аўтамабіль паводзіць сябе добра.

За паўгадзіны даязджаем да Кастрычніцкай. Выключаем фары, закрываем вокны, ставім машыну на ручнік, робім фота, дасылаем, машына зачыняецца. Варта адзначыць, што аўтапарк Везухі больш бедны, чым у Drivetime. Кліентам прапануецца толькі Nissan Almera або Ravon R2.

Вынік: 28 хвілін, 8 кіламетраў прабегу і 8 рублёў 12 капеек за паездку. Да машыне пытанняў няма – усё чысценька, акуратна. Так, бедная камплектацыя, але навошта навароты, калі табе проста трэба праехаць 10 кіламетраў? Мінус – на лётнішчы не прыпаркуешся.

Самы галоўны мінус гэтых двух каршэрынгаў – адсутнасць неабходнай колькасці аўтаў. Цяпер вельмі складана знайсці машыну ў крокавай дасяжнасці і няма сэнсу яе браніраваць, калі ісці да яе 40 хвілін або гадзіну. Прасцей выклікаць таксі. Было б нядрэнна, калі б супрацоўнікі расстаўлялі па некалькі машын на вакзалах і кантралявалі іх пастаянную прысутнасць у гэтых кропках.

Яшчэ хацелася б, каб былі ў наяўнасці і машыны з механічнай каробкай перадач, напрыклад для такіх старавераў, як я.

Вельмі спадзяюся, што ў каршэрынгах зʼявяцца электрамабілі, але гэта ўжо пытанне станцыяў ладавання, якое на Беларусі пакуль не вырашанае.

Увогуле, сэрвіс добры і мог бы шмат каму палегчыць жыццё. Але пакуль на двухмільённы Менск агулам каля 50 машын, а не хаця б 300-400, карыстацца каршэрынгам проста нязручна. Застаецца толькі спадзявацца, што хто-небудзь выпадкова запаркуе аўта ў суседнім двары.

ГА, belsat.eu. Фота: Ірына Арахоўская

Глядзі таксама
Каментары