«Ці ёсць тут Знахар?» Беларусы адкрываюць польскага пісьменніка з… Глыбоччыны

video

Месяц польскай літаратуры ў Менску адчынілі прэзентацыяй рамана «Знахар».

Легендарны раман Тадэвуша Даленгі-Мастовіча ў перакладзе на беларускую адчыніў ужо пяты Месяц польскай літаратуры, які традыцыйна ладзіцца ўвосень. На імпрэзу пад кодавай назваю «Ці ёсць тут Знахар?» завіталі прадстаўнікі польскага дыпламатычнага корпусу, перакладчыкі, акторы Купалаўскага тэатру ды літаратар Андрэй Хадановіч.

Феномен Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, які паходзіць з Глыбоччыны, дагэтуль мала вядомы ў Беларусі. Мастовіч быў адным з самых папулярных пісьменнікаў міжваеннай Польшчы, яшчэ пры жыцці аўтара ягоны «Знахар» быў экранізаваны. Прататыпам галоўнага героя – прафесара Вільчура – стаў цалкам рэальны знахар Алег Нагушча, які жыў у Глыбокім.

Твор з польскай на беларускую перакладалі ажно чатыры перакладчыцы, хоць звычайна з такой працай спраўляецца адзін-два чалавекі. Трое з іх – Марына Пушкіна, Марына Казлоўская і Ганна Янкута – былі прысутныя на вечары. Справа калектыўнага перакладу, як апынулася, не такая ўжо і лёгкая: жанчыны мелі ўзгадняць паміж сабой сотні дробязяў і геаграфічных назваў, каб не было разыходжанняў у розных кавалках тэксту.

Перыядычна прэзентацыя перарывалася інсцэніроўкамі з раману з удзелам актораў Купалаўскага: Алеся Малчанава ды Рамана Падалякі. На экране таксама ўдалося ўбачыць урыўкі з міжваеннай экранізацыі «Знахара», хоць савецкі і постсавецкі глядач больш ведае пазнейшы фільм за тым жа сюжэтам, зняты ў 1981-м.

bs0311polskaja-4

Дырэктар Польскага інстытуту ў Менску Матэўш Адамскі падкрэсліў, што ягоная структура надае вялікую ўвагу прамоцыі перакладной літаратуры. А колькасць прапановаў аб супрацы з боку беларускіх выдавецтваў сведчыць, што на польскую кнігу ў беларускага чытача ёсць попыт.

Літаратурныя польска-беларускія імпрэзы будуць праходзіць у Менску цягам усяго месяцу. Наступная вечарына адбудзецца 10 лістапада ў Бары «Ў» на Незалежнасці, 37а. Прэзентаваны будзе зборнік польскай паэткі Галіны Пасвятоўскай.


Глядзіце ўсе фота з імпрэзы «Ці ёсць тут Знахар?»

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары