Ці ёсць шанец у апазіцыі трапіць у новы парламент?


Да парламенцкіх выбараў яшчэ амаль два з паловаю месяцы, але асаблівае розніцы з папярэднімі электаральнымі кампаніямі дэмакратычныя сілы не бачаць. Гэтак, у Гарадзенскай вобласці ў склад акруговых выбарчых камісіяў улучаныя толькі 5 з 14 прадстаўнікоў апазіцыйных структураў. У такой атмасферы пачынаецца этап рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Нягледзячы на гэта, у Абʼяднанай грамадзянскай партыі ўпэўненыя – браць удзел варта.

«Я лічу, што людзі павінны ведаць пра альтэрнатыву, і ў такой якасці я сябе прапаную. Нават, калі мы не пераможам дэ-юрэ, то галоўнае, што мы пераможам дэ-факта і людзі перастануць задавацца пытаннем »а хто, калі не ён», – тлумачыць Мікалай Казлоў, сябра АГП.

Дэ-факта ў выбарчыя камісіі трапілі збольшага ветэраны папярэдніх выбарчых кампаніяў. У Берасці ў абласную камісію трапілі Наталля Грыгор’ева ды Алена Шамкуць – сябры камісіі 2006-га года, калі ў аднаго з кандыдатаў былі скрадзеныя 16 000 галасоў. Праўда, пацярпелы падкрэсліваў, што супраць парушэння закону нічога не мае. Словы кіраўніка краіны пацвердзіў і тагачасны старшыня берасцейскага аблвыканкаму.

«Я вымушаны быў… вось тут-та я быў вымушаны. Але кажу – гэта ж падсудная нібыта справа… Мы 16 000 подпісаў узялі ўбралі за прэзідэнта. Укралі проста! Для таго, каб зменшыць адсотак. Гэта падсудная справа! Але цяпер праз даўніну часоў пракуратура хіба справу не распачне», – прызнаваўся Канстанцін Сумар, былы старшыня Берасцейскага аблвыканкаму.

Пракуратура справы, нягледзячы на неаднаразовыя звароты палітыкаў і дэмакратычных актывістаў, сапраўды не распачала. Хаця справы, што датычаць фальсіфікацыі выбараў, не маюць тэрміну даўніны. Таксама ў камісію трапіла Галіна Янголенка, якая на леташніх выбарах замяніла чыстыя аркушы, якія актывісты руху «За Свабоду» ўкінулі ў скрыні для галасавання, на запоўненыя бюлетэні.

«Галіна Янголенка, як я лічу, перавысіла свае паўнамоцтвы пад час папярэдніх выбараў і замяніла сабою ўсю камісію. То бок скаргі – мая і яшчэ каля 10 назіральнікаў не трапілі на разгляд калегіяльнага органу – то бок камісіі. Усе гэтыя скаргі былі разгледжаныя асабіста Янголенкай», – падкрэслівае Дзяніс Турчаняк, чалец Руху «За Свабоду»

Як нагадала сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кандыдаты на дэпутатаў пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў атрымаюць аж па пяць хвілінаў на дзяржаўных радыё і тэлеканалах. Агітаваць за байкот выбарчай кампаніі забараняецца. Самыя ж выбары адбудуцца 11 верасня.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў