Ці варта карміць птушак зімой? Меркаванне арнітолага


Жменя сланечніку, кавалачак сала можа ўратаваць птушак ад гібелі зімою. Але адначасова з гэтым дакормліванне – гэта пастка для птушак. Што на гэты конт думаюць навукоўцы?

Гарадзенскі арнітолаг Зміцер Вінчэўскі распавядае, што меркаванні навукоўцаў наконт эфектыўнасці дапамогі птушкам зімой зараз раздзяліліся. Частка традыцыйна лічыць, што дапамагаць варта, маўляў, снег і маразы, шмат птушак загіне.

IMG_1595

Але ўсё больш зараз прыхільнікаў альтэрнатыўнага падыхода, які зводзіцца да таго, што дапамога птушкам стае «пасткай»… Чаму?

IMG_1559

Апошнія даследванні сведчаць: калі мы рэгулярна падкладаем птушкам ежу, асабліва гэта датычыць верабіных, мы дапамагаем найслабейшым з іх. Бо моцныя птушкі пражылі б і без нашай дапамогі. Такім чынам, слабыя птушкі перажываюць зіму, размнажаюцца і …пакідаюць свае не самыя лепшыя гены. Так, мы дапамагаем канкрэтным птушкам, а віду – шкодзім, генафонд псуецца.

IMG_1554

Красамоўны прыклад. Чорнагаловая леска, якая зімуе ў Паўднёвай Еўропе, нават змяніла трасу сваёй міграцыі. Раней яна ляцела з Нямеччыны ў Іспанію і Партугалію зімаваць, але пачынаючы з 1950-х, калі ў Вялікай Брытаніі сталі масава карміць птушак, гэты від пачаў лятаць менавіта туды. Зараз там гэта масавы зімуючы від. Але калі раптам нешта здарыцца з гэтай падкормкай, з стаўленнем людзей, птушкі прыляцяць, а корму няма… птушкі загінуць.

IMG_1533

Мы прызвычаіліся, што нашыя белыя буслы адлятаюць на зіму ў Паўднёвую Афрыку, гэта 10 000 км у адзін бок. Еўрапейскія ж буслы «зразумелі», што шлях гэты доўгі і небяспечны, а заставацца можна ў сваіх краінах, зімуючы …на звалках.

Побач і ежа, і месцы гнездавання, вяртацца нікуды не трэба. Яны ўжо залежныя ад гэтых звалак. А ў ЕЗ прынялі закон аб ператварэнні адкрытых звалак у закрытыя праз пару год. Таму, тыя птушкі, якія застануцца зімаваць – павыміраюць, бо да Афрыкі яны не даляцяць: будзе позна, а ежа так і не з’явіцца.

IMG_1541
Зміцер Вінчэўскі мяркуе, людзі, якія дапамагаюць птушка, нярэдка робяць гэта… дзеля саміх сябе – каб адчуць, што мы дапамагаем «братам нашым меншым». Да таго ж гэта дае магчымасць назіраць за птушкамі на сваім падваконні ці ў двары.

IMG_1608
Ды і сам арнітолаг прызнаецца, што не можа стрымацца і ўсё ж такі падкормлівае верабёў ды сінічак на сваім падваконні. Для гэтага падыдзе сала, абы не салёнае, ды насенне самае таннае, напрыклад, сланечнік. Яшчэ адной небяспекай падкормкі, тлумачыць Вінчэўскі ёсць …звычайныя свойскія каты: таму кармушкі калі ўжо ставіць – дык ставіць як мага вышэй.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў