Ці Пуцінюгенд пагражае Беларусі?


Іхны сімвал – чырвоны арол з такой жа чырвонай зоркай. Хто яны – новыя піянеры, скаўты ці як некаторыя кажуць – Пуцінюгенд? Пад Масквой пад канец траўня адбыўся другі злёт «Юнай арміі» – ваенізаванай моладзевай арганізацыі, якую ў Расеі стварылі пад эгідай Міністэрства абароны. Падрабязнасці ў сюжэце Сяргея Пелясы і Аліны Коўшык.

У закрытым рэжыме ў парку «Патрыёт» у Кубінцы, пад Масквой сабралі 200 юнармейцаў. Наш журналіст, афіцыйна акрэдытаваны ў Маскве, спрабаваў зняць падзею. На ягоны запыт Мінабароны Расеі не адказала. Калі журналіст паехаў на месца, то яго спачатку яго туды пусцілі, а потым затрымалі. У выніку ён мусіў з’ехаць зняўшы толькі некалькі кадраў.

Юнармія – гэта дзецішча міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Ягоны зварот афіцыйна зачыталі ўдзельнікам імпрэзы.

«Тысячы юнакоў і дзеўчын, гатовых адстойваць інтарэсы Расеі ў навуцы і тэхніцы, у спорце і культуры, удзельнічаць у пашуковых атрадах і валанцёрскіх акцыях», – заявіў Сяргей Шайгу.

Афіцыйна Юнармейцы дэбютавалі, прамаршараваўшы па Чырвонай плошчы на парадзе перамогі 9 траўня. Усё прыгожа, эстэтычна, амаль як скаўты ці піянеры, толькі ваенізаваныя. Аднак на іншых здымках мы бачым падлеткаў з шаблямі ў руках, якія раскладаюць зброю і робяць спаборніцтвы ў гонар «Маталоры» – палявога камандзіра данецкіх сепаратыстаў якога забілі. Аднак якія на самой справе мэты ў стваральнікаў «Юнарміі»?

Адказвае Зміцер Міцкевіч, эксперт «Belarus Security Blog»:

«У першую чаргу гэта будзе служыць інтарэсам дзеючага расейскага рэжыму. То бок нельга сказаць што будзе вельмі шмат патрэбнай грамадскай працы. У любым выпадку гэта акажа ўплыў на моладзь. І гэта можна ў пэўнай ступені назваць прамываннем мазгоў у Расейскай Федэрацыі, якое цяпер займае вельмі вялікую частку ў іхнай дзяржаўнай ідэалогіі. То бок у прынцыпе гэта прамыванне самых »духоўных скрэп«, якія і будуць зʼяўляцца асноўным момантам у фармаванні гэтай «Юнарміі» і яе ідэалогіі».

Значок арганізацыі «Юнармия»

У той жа час у Беларусі ўлады трымаюць у следчых ізалятарах беларускіх хлопцаў з патрыятычнай ваенізаванай арганізацыі «Белы легіён» і клубу «Патрыёт». Адпаведніка расейскай «Юнарміі» у Беларусі няма.

«Я б не сказаў, што гэта наўпроставая пагроза Рэспубліцы Беларусь, але гэта яшчэ раз паказвае нам, што нам трэба займацца выхаваннем сваёй моладзі, нам трэба займацца распрацоўкай дзяржаўнай ідэалогіі, таму што нам трэба абʼядноўваць нашае грамадства. Нам трэба знаходзіць прынцыпы і тыя асноўны рэчы, фактары, вакол якіх наша грамадства будзе гуртавацца і якія трэба прамаваць сярод нашай моладзі», – працягвае Зміцер Міцкевіч.

Пад дзіцячай формай Расея стварае рэзерв моладзі, якая стане падмуркам арміі ў будучыні ды выканае любы загад сваіх камандзіраў. А што Беларусь?

«А цяпер пасля вось гэтых сакавіцкіх падзеяў у нашых чыноўнікаў, у нашай мясцовай улады не будзе ніякай матывацыі для стварэння падобных структур, таму што будзе можна атрымаць па шапцы так, што больш не захочацца», – мяркуе Зміцер Міцкевіч.

Пакуль беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, не наважацца пайсці ў след за Шайгу, але і супрацьвагі дзяржвыхаванню няма. Нізавыя грамадскія ініцыятывы душаць. Хлопцы з «Белага лёгіёну» і клубу «Патрыёт» апынуліся за кратамі. Менавіта яны займаліся патрыятычным выхаваннем моладзі, прычым без дапамогі дзяржавы, а хутчэй насуперак ёй.

Сюжэт выйшаў у эфір 2 чэрвеня 2017 г. у праграме «ПраСвет», глядзіце яе выданне цалкам:

Стужка навінаў