Ці пакараюць Менск за Дэкрэт №3? У Жэневе разгледзяць «беларускае пытанне»


Міжнародная арганізацыя працы паслядоўна крытыкуе афіцыйны Менск за пераслед незалежных прафсаюзаў ды парушэнні правоў працоўных, а Беларусь трапіла ў топ-10 краінаў з найгоршымі ўмовамі для працоўных. Лідар незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у інтэрвʼю belsat.eu тлумачыць, што можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб змусіць улады да выпраўлення сітуацыі.

«Беларускае пытанне» традыцыйна падымаецца на штогадовай Міжнароднай канферэнцыі працы. Гэтак будзе і сёлета на канферэнцыі ў Жэневе 5-9 чэрвеня. Акрамя афіцыйнай дэлегацыі Беларусі, у працы МКП возьме ўдзел лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Прадстаўнік незалежных прафсаюзаў заўважае, што сітуацыя з правамі працоўных і прафсаюзаў у краіне за мінулы год прынцыпова не змянілася «і не зменіцца да таго часу, пакуль не памяняецца ўлада».

– Жорсткі аўтарытарны рэжым баіцца пагрозаў з боку працоўных, таму робіць усё, каб іх не пакідала пачуццё перманентнага страху, у тым ліку страху згубіць працоўнае месца, ставіць работнікаў у абсалютную залежнасць ад сябе, трымае ў якасці пакорлівай рабочай сілы, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал карных мераў і пакаранняў. Можна сказаць, што рэжым паспяхова ператварыў сферу працоўных адносін у таталітарную.

– Летась Камітэт па нормах і стандартах МАП заклікаў беларускую ўладу адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і адмяніць шэраг антыканстытуцыйных дэкрэтаў. Зрабіў афіцыйны Менск хаця б адзін крок у гэтым кірунку?

– На жаль, заключэнне Камітэт e так і павісла ў паветры, улада ў чарговы раз зрабіла выгляд, што яно яе не датычыць. Па-ранейшаму дзейнічае і дэкрэт №3 аб барацьбе з «дармаедамі», які абурыў нашых грамадзянаў і выклікаў масавыя акцыі пратэсту ў многіх гарадах нашай краіны гэтай вясной; і дэкрэт №5 з яго драконаўскімі захадамі па пакаранні рабочых, які адкрыў дзверы да самаўпраўства і распраў над імі ў выпадку нелаяльнасці да ўлады і іншадумства. Не спыніліся і практыкі прымусовай працы, што мела трагічныя наступствы, у прыватнасці, стала прычынаю гібелі 13-гадовай школьніцы на бульбяным полі ў Маладзечанскім раёне, за якую сапраўдныя віноўнікі здарэння так і не панеслі пакарання.

«Працаўнікоў пераўтвараюць у рабоў»

– Камітэт патрабаваў адмяніць Дэкрэт №3. Дэкрэт не адменены, наадварот, беларуская ўлада рыхтуе яму новае жыццё. Чаму «падатак на дармаедства» такі важны для ўладаў?

– У Дэкрэце №3 як у кроплі вады паказаная ўся нецывілізаваная сутнасць цяперашняга рэжыму, яго пячорнае мысленне. Улада ўсурʼёз лічыць, і прэзідэнт Лукашэнка пра гэта неаднаразова заяўляў, што праца, насуперак Канстытуцыі, зʼяўляецца не правам, а абавязкам грамадзяніна. А прымус – самае дзейсны сродак матывацыі людзей эфектыўна працаваць. Каментары тут залішнія, дабром гэта не скончыцца ні для краіны, ні для ўлады.

– Беларусь апынулася ў дзясятцы краінаў з найгоршымі ўмовамі для працоўных, як вынікае з Глабальнага індэкса правоў працоўных, апублікаванага ў чэрвені 2016 года. Пра што ідзе гаворка?

– Усе вышэйпералічаныя практыкі парушэнняў правоў працоўных, прымусу да працы, імкнення ператварыць працаўнікоў, па сутнасці, у рабоў і прывялі да таго, што Беларусь шэраг апошніх гадоў аказваецца ў такім ганебным спісе па класіфікацыі МКП. Паўтаруся, прынцыпова сітуацыя са становішчам працоўных у краіне можа змяніцца не раней, чым улада сыдзе.

Што можа зрабіць МАП?

Акцыя пратэсту 1 траўня 2017 г.

– Можна канстатаваць, што сітуацыя ў Беларусі за мінулы год яшчэ больш пагоршылася. Як на гэта адрэагуе Міжнародная канферэнцыя працы?

– Не бяруся загадваць, якім будзе рашэнне Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе. Са свайго боку, мы будзем імкнуцца, каб ацэнка дзеянняў беларускіх уладаў была адэкватнай сітуацыі, якая склалася з правамі працоўных і прафсаюзаў, – жорсткай. Не выключаю, аднак, што карэктывы ў гэтую ацэнку можа ўнесці працэс пацяплення адносін паміж цывілізаваным светам і беларускім рэжымам, у такой жа ступені дзіўны, як і нелагічны, і закрануў таксама сферу адказнасці МАП. Але не будзем спяшацца з высновамі, чакаць засталося нядоўга.

– Ці мае МАП рэальныя механізмы ўздзеяння на афіцыйны Менск?

МАП зʼяўляецца спецыялізаванай установай ААН, а Беларусь – сябрам абедзвюх міжнародных арганізацыяў. МАП не мае механізмаў прамога ўздзеяння, акрамя прыняцця рашэнняў, рэкамендацый, патрабаванняў па аднаўленні правоў прафсаюзаў і працоўных.

Але існуюць ненаўпроставыя механізмы, закладзеныя ў статуце МАП. Адзін з механізмаў спрацаваў у 2007 годзе, калі Беларусь пазбавілі гандлёвых прэферэнцыяў. Рашэнне аб адкліканні гандлёвых прэферэнцыяў Еўразвяз абгрунтоўваў ацэнкамі і высновамі МАП.

Яшчэ адным механізмам зʼяўляецца прымяненне спецпараграфу 33, які спрацаваў у дачыненні да М’янмы. МАП ужывала спецпараграф 33 толькі аднойчы за ўсю гісторыю свайго існавання. «МАП можа прымаць любыя рашэнні ў дачыненні да краіны, якая злосна парушае правы працоўных і прафсаюзаў» – прыкладна гэтак гучыць параграф. МАП заклікала міжнародную супольнасць спыніць усялякія дачыненні з урадам М’янмы.

Механізм спрацаваў: ваенная хунта Бірмы, дзе рабочых прыкоўвалі ланцугамі да працоўных месцаў, дала задні ход. З адмены дзікіх формаў прымусу да працы і пачынаўся працэс нармалізацыі сітуацыі ў Бірме. Гіпатэтычна спецпараграф 33 можа быць ужыты і ў дачыненні да Беларусі, хоць казаць пра гэта, напэўна, заўчасна.

Безумоўна, у Беларусі справа яшчэ не дайшла да таго, каб людзей прыкоўвалі да працоўных месцаў; беларускія ўлады вынаходлівыя, могуць і далей эксперыментаваць са сваім народам. Але прымяненне спецпараграфу 33 як інструмента ціску на беларускія ўлады не выключаецца.

Гутарыў Юрась Дубіна, belsat.eu

Стужка навінаў