Ці можна зарабіць на ягадах у Беларусі?


У Магілёве шукаюць зборшчыкаў ягад. Кампанія «Арніка-агра» праз cлужбу занятасці прапануе грамадзянам сезонныя працы. Усе ахвочыя могуць падзарабіць на зборы парэчкі, агрэсту і вішні. Аплата працы здзельная. Belsat.eu спраўдзіў, як гэта – збіраць ягады за грошы ў Беларусі.

Каб патрапіць на сезонныя працы, трэба зарэгістравацца ў Службе занятасці. Прыносіш пашпарт, падпісваеш дамову і ўсё – можаш прыступаць да працы хоць заўтра.

На поле і з поля завязуць бясплатна, аўтобусы ходзяць з панядзелка па пятніцу. Ад’езд ад cлужбы занятасці а 8 раніцы, вяртанне а 17 гадзіне.

​​

Сумеснае беларуска-галандска-французкае прадпрыемства «Арніка-Агра» працуе ў Магілёве з 2001 году, спецыялізуецца на вырошчванні яблык, ягад і гародніны. Палі і сады кампаніі знаходзяцца ў Магілёўскім раёне.

Ягадамі можна частавацца!

Клубніцы, парэчку, вішню і іншыя ягады збіраюць на полі пад вёскай Брылі за 10 км ад Магілёву. Поле памерам 3,5 км на 1,5 км пад аховай вартаўнікоў і сабак, па перыметру абнесена сеткай і зачынена на замок.

Парэчку ўжо паспелі сабраць, а вішня яшчэ на саспела, таму ўсіх адправілі збіраць агрэст. Збор вялікіх зялёных ягадаў на доўгіх калючых галінках мае свае складанасці: пашкодзіць скуру на руках вельмі лёгка.

Есці агрэст падчас збору дазваляецца, а забіраць дадому – не. На выездзе з поля ва ўсіх даглядаюць торбы. Паесці ягаду не пашчасціла – агрэст быў недаспелы. Яго збіраюць зараз, каб не пагніў, а саспее ён пазней, калі паляжыць.

Вішня – каралева ягад

Збіраць парэчку і агрэст мала ахвотных. У адзін дзень на полі адначасова працавала толькі 60 асобаў. Для параўнання, на вішню прыязджае да 500 зборшчыкаў. Менавіта на столькі чалавек падала заяўку «Арніка-Агра» і сёлета.

«Арніка-Агра« вырошчвае нізкарослую вішню (гатунак – Лутоўка). З аднаго такога дрэва можна сабраць да 60 кг ягады.

Як кажуць дасведчаныя зборшчыкі, за месцы «на вішню» здараюцца бойкі сярод зборшчыкаў, не ўсім ахвотным удаецца трапіць на збор.

Колькі можна зарабіць?

За 1 кг парэчкі плацяць 50 капеек, за 1 кг агрэсту – 60 капеек, а 10-літровае вядро вішні – 1 рубель.

З уласнага досведу, за дзень можна сабраць ад 30 да 60 літраў агрэсту, у залежнасці, колькі намаганняў прыкладаць. Гэта адпаведна 18 і 36 рублёў за дзень. Калі ездзіць працаваць тыдзень, то атрымаецца зарабіць ад 90 да 180 рублёў. А за месяц такім чынам набяжыць ад 360 да 720 рублёў. Толькі трэба разумець, што кожны дзень не паездзіш: калісьці падвядзе надвор’е – пойдзе дождж і працы адменяць, а калісьці – здароўе – і пасля цэлага дня фізічнай працы проста цяжка падняцца. Таму некаторыя ездзяць праз дзень.

На полі можна таксама набыць ужо сабраныя ягады. За кілаграм агрэсту і парэчкі просяць па 4 рублі. Для зборшчыкаў гэта не выгадна, а вось для бізнесоўцаў – нармальна. Таму на поле ўвесь час прыязджаюць розныя машыны – па ягады, бяруць адразу па некалькі скрыняў.

Ужо на полі ўсе зборшчыкі распіваюцца ў двух дакументах: у пратаколе праверкі ведаў па ахове працы і ў дамове аб правядзенні стажыроўкі.

Пасля бяруць скрыні і разыходзяцца па радах. У пары збіраць агрэст найбольш зручна: ты абіраеш адзін бок куста, а твой напарнік – другі.

У адну скрыню змяшчаецца да 6 кг агрэсту. Калі сабраў поўную скрыню, нясеш на вагі. Ад масы вылічваюць 300 г – вагу скрыні – і рэшту запісваюць у таблічку на тваім бланку. Пад канец працоўнага дня лічбы падсумоўваюцца.

Час абедзенага перапынку кожны вызначае сам: на полі над табой ніхто не стаіць, можаш збіраць, а можаш адпачываць. Ясі тое, што ўзяў з сабой з дому. Шкада, што зборшчыкаў не забяспечваюць пітной вадою.

Хто ідзе на зборы ягадаў?​

На полі працуюць асобы, зарэгістраваныя ў службе занятасці, а таксама жыхары вёскі Брылі, якія самастойна прыходзяць на збор.

На агрэст большасць групы складалі пенсіянеры. Мужчын амаль не было. Адзін хлопец стаў на пагрузку скрыняў у кузаў, а тры астатніх збіралі ягады.

Самым маладым сярод зборшчыкаў быў хлопец, які сёлета скончыў вучылішча і цяпер збіраецца паступаць у ВНУ. Калі ён не стане студэнтам, то яго забяруць у войска. Ужо прыйшла позва з ваенкамату.

Сярод пенсіянераў было шмат тых, хто не першы год прыязджае на збор ягад. Яны кажуць, што свайго лецішча няма, таму ёсць вольны час, жаданне папрацаваць на зямлі і, канешне ж, грошы пры беларускіх пенсіях ніколі не лішнія.

Адныя даведаліся пра магчымасць падзарабіць на зборы ягад, калі прыязджалі сюды набываць гэтыя самыя ягады. А іншыя проста прыйшлі ў службу занятасці па працу і іх накіравалі сюды.

Сезонныя працы па зборы ягад, гародніны і садавіны – добрая магчымасць падзарабіць для тых, каму зусім няма чым заняцца. Але каб атрымаць добры вынік у грашовым эквіваленце, спатрэбіцца шмат здароўя і сілаў – ураджай трэба не толькі збіраць, але і насіць, і гэтак цягам цэлага дня.

Прыведзеныя вышэй лічбы магчымага заробку – ад 360 да 720 рублёў за месяц збору агрэсту – толькі матэматыка і тэорыя, а не рэальны разлік.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў