Ці можна ў Беларусі зарабіць на ветры? Як працуюць ветракі на Наваградчыне


Ветравыя млыны вышынёй 80 метраў круцяцца над Наваградчыне ва ўсіх кутках гарызонту. Адзін такі вятрак можа забяспечыць электраэнергіяй на цэлы год каля 3000 дамашніх гаспадарак.  У Беларусі 79 ветракоў і толькі 6 з іх належыць дзяржаве, астатнія – уласнасць прыватнікаў. Ці прывабны ветравы бізнес для інвестараў у Беларусі? Мы патрапілі ў дзяржаўны ветрапарк у Наваградку, а таксама запыталіся ў бізнесоўцаў.

Калі ў Наваградку з’явіўся першы вятрак, мясцовыя жыхары зрабілі з яго славутасць гораду. Яго паказвалі гасцям, тут збіраліся кампаніі. Калі ветракоў пабольшала, уладальнікі паставілі на іх відэакамеры.

Амаль палова патрэбы ў электрычнасці раёну забяспечваецца з ветру, хоць доля ветравой энергіі па ўсёй краіне складае толькі каля 0,2%. 6 ветракоў у Наваградку належаць дзяржаве і 7 – прыватнікам.

Наваградку пашанцавала з рэльефам. Менавіта на ўзвышшы, і калі дадаць яшчэ вышыню ветракоў, вецер нашмат большы, чым пры зямлі або ў нізіне. Пры хуткасці ветру 3 м/сек ветракі ўжо пачынаюць выпрацоўваць электраэнергію і пры хуткасці 25 м/сек спыняюцца аўтаматычна, з тэхнікі бяспекі.

Працуюць яны зусім ціха, калі стаяць блізка, то можна ўчуць толькі, як лопасць рэжа паветра. Каля самой канструкцыі можна адчуць таксама дробную вібрацыю.

У дзяржаўным ветрапарку стаяць новыя генератары кітайскай вытворчасці. На будаўніцтва ветрапарку «Горадняэнерга» выдаткавала каля 13 мільёнаў долараў, і плануецца, што гэтыя грошы вернуцца прыкладна праз 11 гадоў. Далей – праца на прыбытак, а для дзяржавы фактычна – бясплатная электрычнасць, якую потым будуць прадаваць карыстальнікам. Агульны тэрмін працы ветрагенератараў – 25 гадоў.

Дыспетчарская станцыя Лідскіх энергасетак у Наваградку. Тут пазначаныя ўсе падстанцыі, а таксама выдача электраэнергіі ветракамі.

«Калі ветрагенератар працуе на 25% сваёй магутнасці, ён ужо працуе на акупнасць. Нашыя ў сярэднім выпрацоўваюць каля 28-29% сваёй магутнасці, але бывае і 30-33%», – кажа Віктар Жук, дырэктар Лідскіх электрычных сетак.

Падстанцыя ветрапарку, адкуль электраэнергія падаецца ў агульную электрычную сетку. Паветра, здаецца, напітана электрычнасцю.

Ветратурбіны каштуюць на рынку ад 1,3 мільёна долараў да 4 мільёнаў у залежнасці ад магутнасці ад 1 да 4 МВт. Наваградскія ветракі маюць магутнасць 1,5 МВт. Прыватнікі таксама карыстаюцца магчымасцю набыць не новыя ветракі, а ўжо былыя ва ўжыванні. З дзвух такіх турбін, прывезеных з Нямеччыны, пачаў мясцовы прадпрымальнік Віктар Туцін . Ён называе і хутчэйшыя тэрміны выхады на выгаду – некалькі гадоў.

У ліпені гэтага года ён плануе паставіць яшчэ адну ветратурбіну, і на гэты раз – новую коштам каля 4 мільёнаў долараў ЗША, больш магутную і больш высокую.

Вышыня – 80 метраў.

«Перш за ўсё, вецер – чысцейшая энергія, гэта вельмі важна для экалогіі і ўсёй планеты, і таму я думаю, што будучыня – за гэтым», – кажа Віктар Туцін.

Мясцовыя жыхары, сведчыць ён, адносяцца да ветракоў з цікавасцю. Нават тэлефануюць, калі бачаць, што вятрак спыніўся. Бо на месцы няма працаўнікоў, у гэтым няма патрэбы. Інфармацыя ад вятрака прыходзіць уладальніку на мабільны тэлефон.

 

Даўжыня лопасці – 34 метры.
Наверх падымае адмысловы ліфт, які змяшчае толькі 2 чалавек. Або можна падняцца па вертыкальнай лесвіцы
На вяршыні знаходзіцца генератар – каробка, або яшчэ яе называюць ладдзёй. Яна важыць 107 тонаў.
Ветрак сам выбірае вугал нахілу лопасцяў, каб злавіць найбольшы паток.
Ехаць наверх на ліфце – 10 хвілінаў. Столькі ж назад.

Як працуе вятрак?

У залежнасці ад хуткасці ветру лопасці круцяцца марудней ці хутчэй. Станцыя паварочваецца «тварам» да мацнейшага ветру аўтаматычна, а таксама сама кіруе нахілам плоскасці лопасцяў, каб злавіць магутнейшую плынь паветра і лепш адштурхнуцца.

Выпрацаваная энергія падаецца ў генератар, дзе індэксуецца да стандартнага напружання, каб яе магчыма было перадаць далей у сетку.

Панэль кіравання ўнутры ветрака. Тут бачна, колькі вятрак выпрацоўвае ў канкрэтны момант, колькі за дзень, а таксама хуткасць ветру і хуткасць павароту лопасцяў.

Агульная электрасетка прымае электраэнергію з ветравых станцыяў, і тая распускаецца ў агульнай электраплыні, адкуль бяруць электрычнасць і людзі, і прадпрыемствы.

На вежах электрасеткі ёсць адмысловыя тонкія калкі чырвонага колеру, каб адпужваць буслоў. Бо птушкі могуць садзіцца, а калі ўзлятаюць, то праз шырокі размах крылаў чапляюць дзве фазы току. І птушка гіне, і сетка адключаецца.

Як набыць ветрагенератар і зарабіць на ім грошай?

«Працэдура ўзгаднення даволі складаная, каля дзясятка розных дазволаў трэба атрымаць. І пытанне ў тым, што некаторыя ідуць насустрач, а некаторыя – спецыяльна замаруджваюць, бо гэта канкурэнцыя з дзяржаўнымі структурамі. Ва ўсялякім выпадку, мы адчувалі даволі негатыўнае стаўленне некаторых дзяржаўных інстытутаў. Прыкладна паўгода мы патрацілі на ўсё ўзгадненні», – кажа Туцін Віктар, адзін з уласнікаў ветрагенератараў у Наваградскім раёне.

Вятрак, які прыехаў з Нямеччыны

Самае выгаднае для інвестара – атрымаць квоту ад дзяржавы. У гэтым выпадку дзяржава абавязваецца купляць 100% выпрацаванай энергіі з загадзя прапісанымі каэфіцыентамі, на ўвесь тэрмін дамовы. Гэта – гарантыя выгады.

Але ж такія квоты атрымаць вельмі цяжка. Яны вызначаюцца дзяржавай у залежнасці ад патрэбы ў магутнасцях узнаўляльных крыніц энергіі. А ў Беларусі тэмпы развіцця чыстай энергіі вельмі марудныя. Тут будуецца АЭС. Зараз доля ўзнаўляльных крыніц складае амаль 6%, і плануецца павялічыць яе толькі да 9% да 2035 года. Для параўнання, у краінах Еўразвязу мэта стаіць да 27% ужо ў 2030 годзе, пры пастаянным росце патрэбы і змяншэнні долі атамнай энергетыкі.

Квоты размяркоўваюцца паміж прэтэндэнтамі на конкурснай аснове спецыяльнай камісіяй.

«Я ведаю, што шмат тых, хто атрымаў квоты, зараз не мае грошай паставіць вятрак. А хтосьці хоча атрымаць квоты і мае грошы ўсталяваць, але не мае магчымасці», – кажа Віктар Туцін.

Свой трэці вятрак ён будзе ўсталёўваць па-за квотамі і прадаваць энергію дзяржаве па заніжаным тарыфе – 0,7 ад рыначнага кошту.

«З пункту погляду інвестыцыяў гэта ўсё роўна выгадна, нават па-за квотай. Гэта выгадна і «Белэнерга». Бо яны купляюць у нас электраэнергію танней, чым потым будуць прадаваць прадпрыемствам. Для нас перыяд акупнасці павялічыцца, але тым не менш, я думаю, што сямі гадоў павінна хапіць, каб выйсці на прыбытак», – кажа Віктар Туцін.

Каля вёскі Янавічы, Наваградскі раён. 15 чэрвеня адзначаецца Дзень ветру. З гэтай нагоды зайграў беларускі гурт Port Mone, падключыўшыся да ветрака.

Цяжкай задачай для прыватніка таксама можа стаць выбар пляцоўкі. Па-першае, нельга паставіць вятрак на сельскагаспадарчай зямлі, такі дазвол можа даць толькі кіраўнік краіны.

Пры гэтым патрэбна, каб пляцоўка была адкрытая, не было, напрыклад, гары насупраць. Таксама праца вятрака не павінна замінаць мясцовым жыхарам: адсутнічаць вібрацыя і мігценне, калі ў нейкі час дня цень ад лопасцяў можа трапляць у вокны. Пры гэтым усім трэба глядзець на ружу вятроў і выбіраць месца, дзе вецер найбольшы.

Пры выбары пляцоўкі трэба клапаціцца пра тое, каб ветрак не замінаў жыхарам – цень не трапляла ў вокны.

У Беларусі няма рынку электраэнергіі, і гэта – праблема

«Дзяржава дыктуе ўмовы, у нас няма рынку электраэнергіі. Можа, я і хацеў бы яе прадаваць па рыначных коштах і мець канкурэнтаў, але заканадаўства не дазваляе, – кажа Віктар Туцін. Вельмі шмат з-за мяжы цікавяцца ветравой энергіяй у Беларусі, шмат да нас прапановаў, тэлефанаванняў. Людзі хочуць інвеставаць сюды, і я ўпэўнены, калі б палітыка была больш спрыяльная і накіраваная на тое, каб дазволіць гэта зрабіць, то наставілі б паўсюль ветракоў», – кажа прадпрымальнік.

Дзяніс Каваленка, кансультант праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН, які займаецца дапамогай развіццю ветраэнергетыкі ў Беларусі,  тлумачыць, што калі б ў Беларусі  з’явіўся рынак электраэнергіі, то інвестарам было б прасцей прыйсці ў краіну. Яны б маглі б прагназаваць свае інвестыцыі ў адпаведнасці з логікай і законамі рынку.

«Бо зараз ёсць толькі каэфіцыент, прывязаны да тарыфу, а тарыф не фіксаваны, і падлічыць прыбытак нейкага буйнога праекту немагчыма», – кажа Дзяніс Каваленка.

Наваградскі раён.

Вераніка Уладзімірава, фота Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў