Ці можна габрэяў называць «жыдамі»? Янка Купала называў


Урывак з праграмы «Intermarium». Імёны ўдзельнікаў дыскусіі можна спраўдзіць тут. Фота на перадпраглядзе old.resurs.by

Беларусы стагоддзямі ўжывалі слова «жыд», і ніхто на яго не абражаўся. Што здарылася?

«О, слава вам, усебеларускія Жыды! Я веру вам, хоць чорнай граззю ўсюды плюе вам цар i раб, стары i малады», – пісаў у 1919 годзе Янка Купала. І тут яго ніяк не назавеш антысемітам.

Супольнай гісторыі беларусаў і габрэяў прысвечанае чарговае выданне нашай новай праграмы «Intermarium». Яго ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што слова «жыд» спрадвеку ўжывалася ў беларускай мове і было абсалютна нейтральнае. Негатыўнае адценне яно набыло пад уплывам расейскай мовы.

Кіраўнік праекту «Гісторыя габрэяў у Беларусі» Цэнтру дыяспары пры Універсітэце ў Тэль-Авіве Леанід Смілавіцкі адзначыў, што ў 1926 годзе Акадэмія навук прыняла рашэнне, прадубляванае бюро ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, пра выключэнне з беларускай мовы слова «жыд», якое ўспрымалася як зневажальнае.

А як здарылася, што слова «жыд» зрабілася негатыўным у расейскай мове? Распыталі ізраільскага філолага Абрама Тарпусмана, а таксама гісторыка, культуролага, публіцыста ды грамадскага дзеяча Якава Басіна, якія распавялі нам адну і тую ж гісторыю. Падаем тэкст апошняга.

Што такое «ерась юдаізантаў»?

«Самое слова «жыдовін» (ад італ. Giudeo, якое, у сваю чаргу, ёсць працягам лац. Judaeus – «юдэй») атрымала распаўсюджванне на тэрыторыі Расеі ў апошняй чвэрці ХV ст&, калі паўстаў рэлігійны рух, які застаўся ў гісторыі пад назвай «ерасі юдаізантаў» (рас. «ересь жидовствующих»).

Лічыцца, што ля вытокаў ерасі стаяў нейкі жыдовін Захар’я Скарʼя, які прыбыў у 1470 г. у Вялікі Ноўгарад у суправаджэнні луцкага князя Міхаіла Алелькавіча. Першым ён схіліў да жыдоўства папа Дыянісія, а той прывёў да яго другога наўгародскага іерэя Аляксея. Справа пайшла паспяхова, і з Літвы прыбылі яшчэ два жыдавіны.

Наўгародская ерась збольшага атрымала распаўсюд сярод служак праваслаўнага кліру і здабыла значную колькасць прыхільнікаў у Маскве пры двары Івана III. Удзельнікі сектаў трымаліся некаторых юдэйскіх прадпісанняў і абрадаў – напрыклад, захавання суботы, хоць, як пазней высветлілася, літургію яны служылі недакладна.

Ерась жорстка задушылі, удзельнікаў публічна спалілі на вогнішчах, але вобраз ворага, прывязаны да асобы чужынцаў і іншаверцаў і падмацаваны праваслаўнай царквою, у свядомасці расейскага абывацеля захаваўся надоўга. Пазней, больш як паўтара стагоддзя, жыдоў, нават купцоў, на тэрыторыю Расеі не дапускалі.

Легенда пра Вечнага Жыда

Але ўжо ў XVI–XVII ст. у расейскай мове паўстала слова «жыд» у значэнні «габрэй». Гэта было звязана з распаўсюджваннем царкоўнага сюжэту пра легендарную біблейскую постаць Агасфера, або Вечнага Жыда, які быў асуджаны, паводле падання, блукаць стагоддзямі па зямлі да другога прышэсця Хрыста. Сюжэт дагэтуль паспеў стаць асноваю для шматлікіх літаратурных, паэтычных і твораў выяўленчага мастацтва. У канчатковым выглядзе яго малююць як юдэя-рамесніка, які не дазволіў Ісусу Хрысту, якога вялі на распяцце з цяжкім крыжам, прыхіліцца да сцяны свайго дому, каб крыху адпачыць. За гэта Агасфер быў асуджаны на блуканні ды вечную пагарду людзей.

Трэба сказаць, што ніякіх намёкаў на легенду пра гэтага габрэя Агасфера ў Евангеллі няма – яна паўстала значна пазней, чым само Евангелле. Проста спрацаваў псіхалагічны эфект калектыўнай адказнасці, характэрны для лёсаў невялікіх этнасаў, калі за віну адной асобы мусіць адказваць увесь народ.

У XVII–XVIII ст. слова «жыды» працягвала ў свядомасці насельніцтва Расеі, па-рабску адданага сваім рэлігійным і дзяржаўным лідарам, набываць негатыўнае адценне – таксама і праз рашэнні цароў не дапускаць жыдоў у краіну. Калі ў 1654 годзе беларускі горад Магілёў адчыніў браму расейскай арміі, мясцовыя жыхары папрасілі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча выселіць жыдоў з гораду. Цар пагадзіўся. Што праўда, выгнання не адбылося праз вір падзеяў.

Габрэяў у Расею не пускалі, але іх там апынуўся… мільён

«В свои государства жидам никак ездити не велети», – пісаў Іван Жахлівы. «Во всей нашей империи жидам жить запрещено», – загадала у 1742 годзе Лізавета I, а пазней на ліст уласнага Сенату пра вялікую шкоду, якую зазнаў скарб праз недапушчэнне ў імперыю купцоў жыдоўскіх, наклала рэзалюцыю: «От врагов Христовых не желаю интересной прибыли».

Да 1772 года габрэйскае насельніцтва ў Расеі практычна адсутнічала, але цягам наступных 23 гадоў адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай. Расейскай імперыі адышла значная частка тэрыторыі, на якой пражывала каля мільёна жыдоўскага насельніцтва. У размоўным лексіконе мясцовага насельніцтва слова «жыд» зафіксавалася ў вясковым, простанародным звароце, у некаторых кантэкстах – як лаянкавае.

Габрэям як прышламу насельніцтву ні ў воднай краіне не дазвалялі валодаць зямлёй – галоўным багаццем, – хіба што ў якасці арэнды. Таму яны заўсёды жылі ў гарадах, і ім былі даступныя толькі дзве формы заняткаў: гандаль і рамесніцтва. А закон гандлю паўсюль адзін: купіць танней – прадаць даражэй. Гэта і стала асноваю першаснага канфлікту карэннага насельніцтва і прышлага, жыдоўскага.

Да таго ж, у 1786 годзе Сенат асобным указам даў жыдам права на водкуп у памешчыкаў вытворчасці і продажу спіртных напояў, на які ў Расеі заўсёды быў павышаны попыт. Габрэі прыдумалі адмысловую сістэму крэдытавання ў шынках, наліваючы сялянам у доўг, за што пазней горка паплаціліся. Як заўсёды, за правіннасць аднаго адказаў увесь народ, абвінавачаны ў «наўмысным спойванні» расейскага сялянства. Усё гэта прывяло да таго, што слова «жыд» стала і ў Расеі выкарыстоўвацца ў абразлівым значэнні: «ашуканец», «махляр».

Просьбіты са Шклова

Паколькі слова «жыд» ўвайшло ў гутарковую расейскую мову ўжо ў першыя гады жыдоўскага насельніцтва ў складзе Расейскай імперыі, зразумела, што габрэі ўжо ад самага пачатку спрабавалі змяніць такі стан. У 1787 годзе, калі Кацярына II наведвала горад Шклоў, падчас паездкі на поўдзень, паводле пратэкцыі князя Рыгора Пацёмкіна, яна прыняла Ёшуа Цэйтліна з прашэннем ад шклоўскіх юдэяў спыніць ужыванне ў афіцыйных дакументах зневажальнага для іх словы «жыды». Кацярына дала згоду на гэта, наказаўшы выкарыстоўваць у афіцыйных паперах Расейскай імперыі толькі слова «габрэі».

Як вынік, цягам XIX ст. (асабліва ў першай яго палове) слова «жыд», як і іншыя абразлівыя этнонімы, паступова прыбралі з афіцыйнага выкарыстання ў Расейскай імперыі, але яшчэ доўгі час яно заставалася распаўсюджаным у бытавой лексіцы, у тым ліку і сярод вышэйшых класаў, несучы (хоць і не абавязкова) пагардлівае адценне. Аднак з ростам антысемітызму, з аднаго боку, а з другога – з уздымам самасвядомасці габрэяў, да канца стагоддзя выраз стаў лічыцца грубым і абразлівым і цалкам недапушчальным у грамадстве».

Глядзіце праграму «Intermarium» цалкам:

ІА/ТП, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары