Ці хопіць заробку з такімі жыроўкамі: што думаюць менчукі


Жыроўкі за студзень не проста патаўсцелі, але рэзка змянілі бюджэтную рэальнасць беларусаў.

Шмат хто цяпер не ведае, як расплочвацца паводле новых тарыфаў, якія абагналі заробкі ды пенсіі. Да 2018 года грамадзяне будуць кампенсоўваць камунальныя паслугі амаль на 100 %. Але ці вядома, за што мы плацім?

Беларусы пачалі атрымліваць студзеньскія жыроўкі, пералічаныя паводле новых правілаў. У сярэднім аплата паслугаў ЖКГ у звязку з прэзідэнцкім указам 535 дадала ў кошце 40–70 %. А вось за год падаражэнне можа быць і ў некалькі разоў.

«600 тыс. рублёў мне трэба плаціць, а пенсія 3 мільёны 300 тыс. Вось з аптекі выйшла – лекі не набыла», – распавядае жанчына сталога веку.

«Не ведаю, як жыць далей, уразіла», – кажа маладая дзяўчына.

Абурэннем – ды здымкамі фантастычных лічбаў на квітанцыях – поўніцца і інтэрнэт. Снежань – 500 тысячаў, у студзені – ужо амаль 1,5 мільёны. Найбольш падаражэнне адчулі жыхары кватэраў, дзе ніхто не зарэгістраваны: тут тарыфы былі заўсёды значна вышэйшыя. Але што цікава, кампенсацыя паслуг у гэтай сітуацыі адбываецца не тое што ў поўным памеры – яна перавышае 100 %.

«У нас затраты лічацца «заднім чыслом». Затраты ўлічаныя пры разліку снежня, а «жыроўкі» мы атрымалі за студзень. У наступным месяцы такога не будзе», – тлумачаць у ЖРЭА Заводскага раёну Менску.

Акрамя істотнага падаражэння ацяплення і падагрэву вады, з новага года ў жыроўцы зʼявілася некалькі дадатковых радкоў: прыборку і асвятленне падʼездаў вынеслі ў асобныя пазіцыі. Змянілася і сістэма аплаты за карыстанне ліфтам: цяпер тарыф разлічваецца зыходзячы з вартасці квадратнага метра кватэры.

«І чым гэта тлумачыцца? Як правіла, у нас шмат пенсіянераў жывуць у кватэрах, якія атрымалі ў маладосці, расцілі сваіх дзяцей і ўнукаў, можа, два разы ў краму зʼездзіў ліфтам, а плаціць ён павінен больш, чым жыхары аднапакаёвай кватэры, у якой шэсць чалавек», – кажа Таццяна Зялко, старшыня абʼяднання «Нашае пакаленне».

Таццяна Зялко – прадстаўніца катэгорыі насельніцтва, якая ад рэзкага падаражэння цярпіць найбольш. Разам з паплечнікамі старшыня абʼяднання пенсіянераў «Наша пакаленне» скіравала зварот да ўладаў з патрабаваннем патлумачыць, чаму ў сістэме ЖКГ не адбываецца сапраўднага рэфармавання.
Актывісты настойваюць на пераводзе жылога фонду на самаабслугоўванне.

«То бок мы выбіраем кіраўніка і бухгалтара, мы яму плацім, але мы з яго і патрабуем», – працягвае Таццяна Зялко.

Эксперты таксама адзначаюць, што пры існай непразрыстасці сістэмы ЖКГ казаць пра поўную ці няпоўную кампенсацыю насельніцтвам паслугаў некарэктна. А вось простым падвышэннем тарыфаў улады, імаверна, забіваюць адразу некалькіх зайцоў: не толькі задавольваюць патрабаванні замежных крэдытораў, але маскуюць неэфектыўны менеджмент арганізацыі-манапаліста ЖКГ.

«Я задаволены, нармальна, малайцы! Каб яшчэ паднялі вышэй, тады б было жыць выдатна! Асабліва пенсіянерам», – з іроніяй абураецца мянчук у гадах.

Таццяна Рэут

Стужка навінаў