Ці часта ў Беларусі страляюць па міліцыянтах?


Рэдакцыя belsat.eu выказвае спачуванні сваякам забітага супрацоўніка ДАІ, 22-га Яўгена Патаповіча. Гэта жахлівы, але не першы выпадак, калі супрацоўнікі міліцыі гінуць ці трапляюць пад агонь падчас выконвання сваіх прафесійных абавязкаў. Belsat.eu згадвае найбольш рэзанансныя выпадкі.

Hавiны
«Калі ўбачыў ягонае фота, я рэальна заплакаў». Забойцаў 22-гадовага інспектара ДАІ пакуль не знайшлі
2019.05.17 09:29

Адкрытых дадзеных няма

У Беларусі ў адкрытых крыніцах няма дакладнай статыстыкі, колькі праваахоўнікаў загінулі падчас выканання службовых абавязкаў за гады незалежнасці. Раней TUT.by пісаў, што ў перыяд з 2001 па 2013 год загінулі не больш за 10 міліцыянтаў, прычым гаворка ідзе не толькі смерць у выніку страляніны або нападу злачынцаў, але і ў выніку ДТЗ, няшчасных выпадкаў або нават інфаркту на працоўным месцы.

Некаторыя звесткі пра трагічныя выпадкі падчас міліцыйскай службы можна знайсці на сайтах праваахоўных органаў. Гэтак, на сайце ГУУС Менгарвыканкаму ў раздзеле «мемарыял» размешчаныя дадзеныя 5 працаўнікоў менскай міліцыі, што загінулі ў часы незалежнай Беларусі. Толькі двое з іх загінулі ў выніку выкарыстання супраць іх зброі. Двое загінулі ў выніку ДТЗ, прычына смерці яшчэ аднаго не пазначаная.

Hавiны
У перастрэлцы пад Івацэвічамі забілі міліцыянта. Стралок затрыманы
2018.08.17 14:56

Забойства міліцыянта – надзвычайныя сітуацыя для Беларусі

У мінулым жніўні пад Івацэвічамі, у вёсцы Бабровічы 17 жніўня мясцовы жыхар адкрыў агонь па ўчастковых міліцыянтах, калі тыя падыходзілі да ягонай хаты. У выніку – адзін міліцыянт загінуў, другі – атрымаў раненне. З аналізу адкрытых крыніцаў вынікае, што леташняя страляніна пад Івацэвічамі – гэта другі выпадак забойства міліцыянта ў Беларусі за апошнія 10 год.

Папярэдні трагічны выпадак адбыўся 7 студзеня 2013 года, калі на вуліцы Машыністаў у Менску быў застрэлены 37-гадовы прапаршчык міліцыі Ігар Іванчык.

У той дзень мясцовыя жыхары паведамілі ў міліцыю, што па вуліцы ходзіць чалавек з пісталетам і страляе па сабаках. Калі міліцыянты падышлі да мужчыны, той пачаў страляць. Два агнястрэльных раненні атрымаў прапаршчык патрульна-паставой службы Ігар Іванчык, адно – аператыўнік крымінальнага вышуку. Іванчык памёр, аператыўнік выжыў. Стралок збег і зачыніўся ў гаражы, а калі спецназ спрабаваў яго затрымаць – застрэліўся.

Ігар Іванчык

Як паведамлялі ў міліцыі, падчас страляніны Іванчык закрыў сабою напарніка. Каментуючы гэты выпадак, Аляксандр Лукашэнка заявіць, што трагедыя адбылася праз «галавацяпства» міліцыі. «Вы гэтага хочаце? А ў нас гуманная, бачыце, міліцыя. Пачалі адзін аднаго абараняць, два стрэлы ў грудзі, чалавек загінуў», – адзначыў ён.

Таксама летась ў Гомлі тры міліцыянта атрымалі нажавыя раненні. Збеглага з турмы 24-гадовага крымінальніка спрабавалі затрымаць аператыўнікі ў цывільным у тралейбусу на прыпынку грамадскага транспарту ў Гомлі. Аднак той нанёс сур’ёзныя нажавыя раненні міліцыянтам і збег. Потым яго ўсё ж затрымалі. Міліцыянты выжылі.

Самы шакуючы выпадак забойства адбыўся ў Гомлі

Фота – TUT.BY

Мяркуючы, па інфармацыі з адкрытых крыніцаў у 90-е і пачатак 2000-х міліцыянты ў Беларусі істотна часцей рызыкавалі сваім жыццём (хаця і тут ніякай статыстыкі ў адкрытых крыніцах няма). Напрыклад, 15 траўня 1999 года ў Менску быў застрэлены міліцыянт-кінолаг Аляксандр Жыдзік – ён спрабаваў злавіць злодзея, які хацеў абкрасці кватэру на вуліцы Няміга. У 2001 годзе падчас ператрусу ў Менску застрэлілі маёра з камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Ігара Кашкана. У тым жа годзе працаўнік Дэпартаменту аховы МУС Сяргей Волкаў быў забіты падчас спробы спыніць рабаванне шапікаў на вуліцы Кіжаватава ў Менску.

Але, бадай, самы гучны і трагічны выпадак забойства міліцыянтаў у незалежнай Беларусі адбыўся ў лістападзе 1993 года ў Гомлі. Тады на Прываказальны плошчы гораду кілер расстраляў машыну гомельскага крымінальнага аўтарытэта Мікалая Салдаценкі. За кілерам пабеглі міліцыянты з ППС, а злачынца, спрабуючы адарвацца, пачаў па ім стрэляць. У выніку кілер забіў двух праваахоўнікаў – Эдуарда Сярогіна і Канстанціна Барысенка. Прычым, параненага Сярогіна кілер дабіваў стрэлам у галаву. Паколькі стральба распачалася ў цэнтры гораду, дзе было шмат людзей, ад шалёнай кулі загінула 40-гадовая жанчына. Таксама атрымала раненне 18-гадовая дзяўчына.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў