Ці беларусы ведаюць, адкуль у нашых гарадах зʼявіліся ратушы?


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGc3ZnOE93MkQwTGMlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Круглыя сталы, абмеркаванні, навуковыя публікацыі – гэтак гісторыкі і грамадскія актывісты намагаюцца прыцягнуць увагу жыхароў гарадоў да іхнага мінулага.

На Магілёўшчыне паўстаў шэраг ініцыятываў для аднаўлення ратушаў у іх гістарычных месцах. Што ўжо зроблена і чаго яшчэ хочуць дамагчыся неабыякавыя?

Шклоўская ратуша – бадай, самы распазнавальны ў горадзе будынак і, безумоўна, сімвал. Але чаго?

ЖЫХАРЫ ШКЛОВА:
«Сімвал нашага гораду, я лічу».
«Чаго сімвал? Кацярына яе будавала, ці хто – паняцця не маю, шчыра».
«Ратуша – гістарычны будынак, пра нашу гісторыю распавядае».
«У першую чаргу звязаная з гісторыяй Шклова: гандлёвыя рады, Магдэбургскае права».

Сапраўды, ратушу пабудавалі пасля таго, як у 1762-ім кароль Аўгуст ІІІ надаў Шклову Магдэбургскае права. Умацаваць правы гораду на самакіраванне і аднавіць цікавасць гараджанаў да справаў уласнага гораду імкнецца група беларускіх гісторыкаў. І датычыць гэта не толькі Шклова, але і Бялынічаў, Чавусаў, Чэрыкава, Крычава, Мсціслава ды Горак.

МІКАЛАЙ ГЕРДЗІЙ, УДЗЕЛЬНІК ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ Ў КРЫЧАВЕ:
«Праўда нараджаецца ў дыскусіях. Сёння ў нас вырашыў прэзідэнт, усе паднялі рукі, сагнулі галовы і запісалі. Калі б былі альтэрнатыўныя меркаванні – так рабіць, не так, спрэчка, удзел насельніцтва – гэта б у значнай ступені падымала якасць кіраўнічых рашэнняў».

Зацікаўленыя сёлета правялі круглыя сталы ў сямі згаданых гарадах, падчас якіх абмяркоўваліся ініцыятывы. Гісторыкі выступаюць за аднаўленне ратушаў там, дзе яны былі, а таксама – за наданне цэнтральным вуліцам гарадоў назваў Магдэбургская ці Ратушная ды ўсталяванне памятных дошак у гонар атрымання горадам Магдэбургскага права. У некаторых гарадах гэткія ініцыятывы абмяркоўваліся гісторыкамі супольна з прадстаўнікамі мясцовых уладаў.

Як падсумаванне працы выйшаў зборнік навуковых матэрыялаў пад назваю «Магдэбургскае права на Магілёўшчыне». У аднаўленні традыцыяў права гораду на самакіраванне гісторыкі разлічваюць на падтрыманне жыхароў.

ІГАР ПУШКІН, ГІСТОРЫК:
«Трэба сказаць, што гэтыя памкненні ў грамадстве ёсць. Мы ведаем гісторыю адраджэння магілёўскай ратушы. Мы пабачылі імкненне да захавання традыцыяў у раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці, дзе калісьці існавала Магдэбургскае права».

У выніку ў сямі гарадах Магілёўшчыны будуць дзеяць ініцыятыўныя групы, што зоймуцца аднаўленнем традыцыяў ды адстойваннем права, якое шмат у чым будавала сувязь беларускіх земляў з Еўропаю.

МВ, belsat.eu

Стужка навінаў