Ці Анісім і Канапацкая перамогуць Лукашэнку?


Паводле папярэдніх вынікаў галасавання, у парламент трапілі сябры незалежных аб’яднанняў – Алена Анісім з ТБМ (Сталбцоўская выбарчая акруга № 70) і Ганна Канапацкая з АГП (Кастрычніцкая выбарчая акруга № 97 у Менску). Тлумачым, што гэта азначае.

Палата прадстаўнікоў – заканадаўчы орган, асноўнай працай Алены Анісім і Ганны Канапацкай будзе разгляд праектаў законаў і галасаванне за іх праз націсканне на гузікі «за» або «супраць».

Дэпутаты моцныя, калі яны зграя

Дэпутаты парламенту могуць выказаць недавер да Ураду або змясціць з пасады Прэзідэнта. Калі Савет Рэспублікі вырашыць распачаць працэдуру імпічменту супраць кіраўніка краіны, перамагчы Лукашэнку Анісім і Канапацкая змогуць толькі ў выпадку, калі знойдуць яшчэ семдзесят аднаго аднадумцу (рашэнне павіннае быць прынятае двума трацінамі галасоў ад поўнага складу ПП).

Чаму апазіцыя кажа, што выбары сфальсіфікаваныя, але ідзе ў парламент?

Лідар АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што на парламенцкіх выбарах галасы не лічылі – то бок, называлі ўжо гатовыя лічбы. Палітык сумняецца, што па акрузе Канапацкай працэс не кантраляваўся, але заяўляе, што партыя пакіне яе ў парламенце.

«Мы можам назваць такія паводзіны прытворствам», – каментуе паводзіны апазіцыянера псіхолаг Юлія Гурневіч. – «Чаму Канапацкую пакідаюць у парламенце? Калі дзіцяці не падабаецца школа, а іншай няма, дзяцёнак будзе туды хадзіць, бо трэба вучыцца. І заўсёды застаецца надзея, што школа стане прыязнай».

Журналіст Дзмітрый Гурневіч падлічыў, што пры сёлетнім тэмпе дэмакратызацыі парламент стане прыязным для апазіцыі праз 540 гадоў.

Ёсць думка, што на апазіцыі ў парламенце Беларусь можа зарабіць

Больш за ўсё дывідэндаў ад апазіцыі ў парламенце атрымоўвае грамадства: апаненты ўлады кантралююць працу ўраду. Гэтак, у Вялікай Брытаніі партыю, якая набрала на парламенцкіх выбарах другое месца, называюць «апазіцыяй Яе Вялікасці» – яна фармуе ценявы кабінет, «міністры» якога ў любы момант гатовыя ўзначаліць «свае» міністэрствы. Яны нават атрымоўваюць з бюджэту «міністэрскія» надбаўкі да сваіх заробкаў – настолькі важнай лічаць іх функцыю брытанцы.

Надбаўкі для Анісім і Канапацкай у нас будуць. Толькі дзяржава плануе іх з бюджэту не даць, а атрымаць – у выглядзе заходніх крэдытаў.

БТ перастане называць апазіцыю «так званай»

Цяпер найважнейшая асоба ўсёй беларускай апазіцыі – прадпрымальніца Ганна Канапацкая. (Арганізацыя Алены Анісім – не апазіцыйная партыя.) Падчас разгляду праектаў законаў меркаванне Канапацкай не будзе мець ніякага значэння: яно растворыцца больш чым у сотні галасоў усяго парламенту, але тым менш яна зможа аказваць уплыў на палітычнае жыццё краіны.

Канапацкая мае права ўносіць так званыя запыты – патрабаваць ад чыноўніка тлумачэнняў па ўсім, што яе зацікавіць, а той будзе павінны адказаць апазіцыянерцы цягам дваццаці сесійных дзён. Адказ будзе зачытаны ў парламенце ўголас.

Канапацкая зможа звяртацца з пытаннямі да Ураду, уносіць прапановы і заўвагі чыноўнікам – у апошніх будзе месяц, каб адказаць сябру АГП. Грахом для Анісім і Канапацкай будзе не карыстацца сваім дэпутацкім правам на першачарговы прыём у чыноўнікаў і доступ у дзяржаўныя арганізацыі.

На сёння ў беларускай апазіцыі такой моцы не мае ніхто.

Наколькі цяжка працаваць дэпутатам?

Калі працы прэзідэнта або міністраў не пазайздросціш, то жыццё дэпутатаў можна параўнаць з жыццём студэнта-завочніка: парламентарыі збіраюцца толькі два разы на год – на восеньскую і веснавую сесіі. Першая распачынаецца 2-га кастрычніка, і цягнецца не больш за 80 дзён, другая – 2-га красавіка, і цягнецца не больш за 90 дзён.

А ўлетку дэпутаты ідуць на канікулы. І так чатыры гады.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў