Ці Адам Міцкевіч сапраўды памёр ад халеры?

video

Якія таямніцы хавае дом у Стамбуле, у якім паэт знянацку скончыў сваё жыццё, калі арганізоўваў польскі легіён на Крымскую вайну.

24-га снежня, у суботу, – дзень народзінаў Адама Міцкевіча, вялікага сына Наваградчыны. Аўтар «Пана Тадэвуша» нарадзіўся ў вёсцы Завоссе Літоўскай губерніі Расейскай імперыі, называў сябе ліцвінам, пісаў на польскай мове, а ўсё жыццё змагаўся супраць прыгнёту расейскага цара. Ягонае сэрца спынілася аднак на тэрыторыі Асманскай імперыі, у Канстанцінопалі, Міцкевіч крыху не дажыў да свайго 57-мігоддзя. Якія таямніцы хавае дом, дзе памёр Адам Міцкевіч? Пра гэта – у адмысловым рэпартажы карэспандэнта «ПраСвету» Алеся Сіліча.

Сёння ў гэтым доме на вуліцы Татлы-Бадэм у цэнтры Стамбулу – музей. Музей, які існуе ўжо больш за 130 гадоў і фінансуецца турэцкімі ўладамі. На знак павагі да літаратурнага, дый не толькі літаратурнага генія, нашага земляка. У сутарэннях дому, тут, у пакоі, дзе спынілася сэрца паэта і дзе некалькі дзён у чаканні карабля, які перавёз яго спачатку ў Парыж, а пазней у замак Вавэль у Кракаве, было ягонае цела, – цяпер імправізаваная магіла. А ўжо тут, на трэцім паверсе, – сапраўдны феерверк паэзіі Міцкевіча, прычым на трох мовах – польскай, турэцкай ды ангельскай – на маленькіх адрыўных календарах, Аркушыкі з якіх наведнікі могуць узяць з сабою.

Чытайце таксама >>> Літаратураведы выявілі беларускамоўны верш Адама Міцкевіча?

Акрамя «Пана Тадэвуша», паводле якога зняў фільм знакаміты Анджэй Вайда, Міцкевіч абяссмерціў сваё імя паэмамі «Дзяды», «Конрад Валенрод», «Фарыс» і цэлым суквеццем лірычных вершаў ды баладаў, часта літаральна прасякнутых шчыраю любоўю да роднага краю. Расейскі паэт Пушкін ставіўся да Міцкевіча з найвялікшаю павагаю, ды, як сцвярджаюць сучаснікі, «хоць і звычайна сам панаваў у коле літаратараў, але ў прысутнасці Міцкевіча быў вельмі сціплы, бо лічыў яго значна больш «адукаваным і вучоным» («образованным и учёным»). Мова, на якой пісаў Міцкевіч, лічылася моваю польскае шляхты ў Беларусі і Літве, але мела ў сябе мноства беларускіх элементаў з мясцовых беларускіх гаворак.

«Яшчэ ў часы Міцкевіча яму казалі: «Ці гэта польская мова?» Там было столькі беларусізмаў, што яна палякамі з Вялікапольшчы не вызначалася як сапраўдная польская мова. Але потым патроху геній Міцкевіча так уплываў на фармаванне мовы польскай літаратурнай, што зараз ніхто ўжо і не гаворыць, што гэта не польская мова. Польская! Але яна вельмі беларуская, а душа там наагул нашая!» – кажа краязнаўца, паэтка Таццяна Фалевіч.

Але ў Стамбул у 1855-ым годзе паэт з беларускаю душою ліцвіна прыехаў зусім не ў паэтычных справах. За год да гэтага пачалася расейска-турэцкая вайна, і менавіта ў Турцыі пачалі фармаваць польскі легіён для змагання за адраджэнне Рэчы Паспалітай і вызваленне яе ад прыгнёту Расейскай імперыі. Галоўную ролю ў стварэнні гэтага легіёну гуляў менавіта Міцкевіч, на той момант не толькі паэт, але публіцыст, грамадскі і палітычны дзеяч. Пражыўшы ў Стамбуле літаральна некалькі дзён і атрымаўшы задавальненне ад стану і баявога духу польскага войска, Міцкевіч… нечакана памёр. Згодна з «афіцыйнаю» версіяй, ад халеры, але, як сцвярджаюць сведкі, аніводны з трох дактароў, якія агледзелі пазней цела паэта, не заўважыў традыцыйнага халернага пачарненню твару пасля смерці. Неафіцыйная версія – атручэнне.

«Ворагаў ён меў дастаткова. І гэта, магчыма, ня толькі з боку ворагаў наўпрост. Яго аўтарытэт быў настолькі вялікі і ён нездарма паехаў менавіта ў Стамбул, каб прадстаўляць цэлы народ, цэлую ідэю вызвалення. І, зразумела, што расейскі бок гэта вельмі непакоіла», – адзначае Таццяна Фалевіч.

Расейскі след, прызнаемся, не адзіны сярод версіяў нечаканае смерці здаровага ды адносна маладога чалавека, генія беларускай і польскай культуры. Але як жа ён нагадвае цяперашні стыль змагання з палітычнымі апанентамі Крамля. «Стыль», які, магчыма, назаўжды зрабіў апошнім прытулкам вялікага Паэта і Ліцвіна – зусім не беларускае ды не польскае мястэчка, а турэцкі дом, у якім памёр Адам Міцкевіч, і які сёння турэцкія ўлады трымаюць у якасці музею, наведваюць, калі наведваюць, польскія турысты. Аніводны беларускі турыст тут не быў заўважаны. Можа, калі мы хочам лічыць Адама Міцкевіча сваім беларускім паэтам, то варта прыйсці сюды і наведаць гэтае месца, якое месціцца зусім непадалёк цэнтральнай стамбульскай плошчы Таксім».

Алесь Сіліч, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Прапануем вашай увазе апошняе выданне праграмы цалкам:

Глядзі таксама
Каментары