Цэнтру «Вясна» – 20 гадоў. «Белсат» віншуе праваабаронцаў!

video

https://www.youtube.com/watch?v=fulRtaOp0Ds

Роўна 20 гадоў таму. Апазіцыя выходзіць на традыцыйны «Чарнобыльскі шлях». Тады міліцыянты затрымалі сотні дэманстрантаў: ад шараговых актывістаў да лідараў апазіцыі, якім пагражалі крымінальнай адказнасцю.

«Фактычна гэта было ўпершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі, калі такія масавыя затрыманні, збіццё дэманстрантаў. І тады ўзнікла ідэя стварыць групу, якая б збірала інфармацыю пра лёс гэтых людзей і па магчымасці дапамагчы ім», – узгадвае Валянцін Стэфановіч, намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна».

Ля вытокаў праваабарончага цэнтру «Вясна» стаялі Алесь Бяляцкі, Таццяна Равяка, Паліна Сцепаненка, Алена Лапцёнак. Крыху пазней да іх далучыліся і Валянцін Стэфановіч ды Уладзімір Лабковіч. Паступова «Вясна» ахапіла ўсю Беларусь. Цяпер у структуры арганізацыі – больш за 100 асобаў. Да 2003 года «Вясна» была абсалютна легальнай арганізацыяй, аднак улады пастанавілі з ёю расправіцца: скасавалі дзяржаўную рэгістрацыю. Але, як аказалася, гэта быў не самы цяжкі перыяд.

Пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ды разгону Плошчы. Спецслужбы пачалі паляванне на праваабаронцаў. У выніку масавыя ператрусы і канфіскацыя працоўнай тэхнікі цэнтру «Вясна». Аднак і тут не здаліся: шукалі арыштаваных, перадавалі харчы і вопратку ў камеру, падтрымлівалі родных ды збіралі грошы на аплату адвакатаў.

Аднымі з тых, каму «Вясна» дапамагала ў той змрочны час, – сямʼя Мікалая Статкевіча, былога кандыдата на прэзідэнцтва.
«Калі ты застаешся сам на сам са сваймі праблемамі, тады любая дапамога карысная. Але яны падтрымалі ўсім. І маральна, і юрыдычна, і аказалі вельмі моцную прававую дапамогу», – дзеліцца Марына Адамовіч, жонка былога палітвязня Мікалая Статкевіча.

У 2011-м – чарговая хваля рэпрэсіяў, гэтым разам супраць удзельнікаў так званых «маўклівых пратэстаў». Больш за тысячу арыштаваных…

І зноў «Вясна» адною з першых бярэцца за справу.

У тым жа 2011-м улады нанеслі больш моцны ўдар па «Вясне». Яе кіраўніка Алеся Бяляцкага асудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі за нібыта ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйных памерах.

Праз тры гады Бяляцкі датэрмінова выйшаў на волю і ўбачыў, што цэнтр «Вясна» – справа ягонага жыцця –– дзеіць і надалей, дзякуючы паплечнікам. Працы ж менш не стала. Толькі фармат рэпрэсіяў змяніўся.

«Стала падаецца крыху лягчэй, але калі актывістаў па ранейшаму намагаюцца штрафамі, рана казаць пра адлігу і лібералізацыю», – Уладзімір Вялічкін, праваабаронца, Берасце.

Паводле праваабаронцаў цэнтру «Вясна», іхная мэта – не толькі абараняць правы людзей, але і навучыць іх самастойна бараніць свае правы. І калі большасць гэтаму навучыцца, тады і клімат палітычны можа канчаткова зменіцца з «зімы», на сапраўдную «вясну».

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары