“Цэнтр гігіены – рэжымны абʼект!” Карэспандэнтку БелаПАН выгналі з міжнароднай канферэнцыі


Карэспандэнтку Алену Спасюк выгналі з міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Здароўе і навакольнае асяроддзе», пагражаючы прымяніць сілу.

Канферэнцыя, якая праходзіць у Мінску 27–28 кастрычніка прысвечаная 90-годдзю санітарна-эпідэміялагічнай службы Беларусі.

Уранку 28 кастрычніка Алена Спасюк, паказаўшы рэдакцыйнае пасведчанне, прайшла рэгістрацыю на пленарнае пасяджэнне канферэнцыі, якое праходзіць у Навукова-практычным цэнтры гігіены. За пяць хвілін да пачатку мерапрыемства вучоны сакратар цэнтру Святлана Ітпаева-Людчык папрасіла журналіста выйсці з залі, аргументуючы гэта тым, што на канферэнцыі могуць знаходзіцца толькі тыя журналісты, якіх запрасіла адміністрацыя цэнтру. У адказ Спасюк заявіла, што яна прайшла рэгістрацыю і прадстаўляе зарэгістраваны ў Беларусі сродак масавай інфармацыі.

Пасля гэтага да Спасюк падышоў намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены» Генадзь Лосеў, які таксама пачаў патрабаваць, каб журналістка выйшла.

Спасюк адмовілася сысці і папярэдзіла, што выкліча міліцыю, калі ёй будуць перашкаджаць выконваць прафесійныя абавязкі. Нягледзячы на гэта, Лосеў забраў са стала асабістыя рэчы журналісткі, уключаючы мабільны тэлефон і дыктафон. «Вы хочаце, каб мы вывелі вас за рукі?» – пацікавіўся ён.

У выніку журналістка была вымушаная выйсці.

На пытанне, ці ведае ён пра права журналістаў асвятляць грамадскія мерапрыемствы, а таксама пра палітыку адкрытасці працы дзяржаўных органаў, пра якую неаднаразова заяўлялі чыноўнікі ўсіх узроўняў, Лосеў адказаў: «НПЦ гігіены – гэта рэжымны абʼект. Вы сюды не запрошаныя, заяўку вы не падавалі. Вы парушылі ўсё, што толькі можна парушыць».

З нагоды рэгістрацыі на канферэнцыю, якую прайшла Спасюк, ён заявіў: «Ёсць нормы, як правільна паводзіць сябе акрэдытаваным журналістам. У нас свае медыі, якія атрымліваюць грошы, – няхай працуюць».

Інфармацыйная кампанія БелаПАН расцэньвае дзеянні чыноўніка як абуральны выпадак парушэння заканадаўства Беларусі аб медыях і гарантаванага Канстытуцыяй права на свабоду слова.

БелаПАН афіцыйна звярнуўся да дырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены» Сяргея Сычыка з просьбай правесці службовую праверку і вызначыць у дачыненні да Ітпаевай-Людчык і Лосева меры дысцыплінарнага спагнання, а таксама праінфармаваць сваіх падначаленых аб асноўных прынцыпах працы з працаўнікамі медыяў.

Аналагічныя лісты накіраваныя міністру аховы здароўя Васілю Жарко і міністру інфармацыі Ліліі Ананіч.

Фота: certificate.by

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары