Цэлы раён Берасця назавуць імем рынку? Берасцейцы супраць


Улады Берасця ігнаруюць гарадскую тапаніміку і парушаюць Закон аб геаграфічных найменнях.

Летась дырэктарка берасцейскага рынку «Лагуна» Наталля Ільніцкая праславілася тым, што з дапамогай фотамантажу наведвала розныя імпрэзы. Гэтае адкрыццё ўзарвала інтэрнэт: яна імгненна стала гераіняй фотажабаў.

Год таму спадарыня дырэктарка пабывала нават у космасе. Аўтар: Максім Осіпаў
Год таму спадарыня дырэктарка пабывала нават у космасе. Аўтар: Максім Осіпаў

Цяпер стала вядома, што імем рынка, які належыць Ільніцкай, улады хочуць назваць цэлы мікрараён. З 29 красавіка па 20 ліпеня 2016 года Берасцейскі гарвыканкам праводзіў адкрыты конкурс з мэтай вызначэння і прысваення назвы новаму раёну жылой забудовы (праектная назва «ПУМР-4»). Конкурс ладзіўся ў адпаведнасці з зацверджанай пастановай «Аб правядзенні адкрытага конкурсу на вызначэнні назвы новага мікрараёна» у горадзе Берасці». З улікам прапановаў, якія паступілі ад грамадзянаў, 26 жніўня на пасяджэнні мэрыі зацвердзілі назву новага раёну жылой забудовы – «Лагуна». У адпаведнасці з пунктам 3.9. у выпадку, калі пераможцам становіцца назва, прапанаваная некалькімі аўтарамі, пераможцам конкурсу прызнаецца тая, што паступіла раней за ўсіх. Так пераможцам конкурсу прызнаная Марыя Кавальчук, што першай падала заяўку. Ейную прапанову падтрымалі яшчэ 39 чалавек. Такой колькасці стала дастаткова, каб даць назву цэламу раёну.

Пра Марыю Кавальчук вядома толькі тое, што яна – індывідуальная прадпрымальніца.

laguna_4

Іншы прадпрымальнік, які раней працаваў на «Лагуне», прызнаецца, што Ільніцкая мае на рынку вялікую ўладу і без праблемаў можа сабраць хоць сто подпісаў: «На прадпрымальнікаў на рынку яна лёгка можа націснуць. Але яна ніколі нічога не робіць сваймі рукамі».

laguna_3

Калі гараджане даведаліся, што новаму раёну дадуць назву «Лагуна», неабыякавыя берасцейцы склалі адмысловую петыцыю з патрабаваннем ануляваць рашэнне гарвыканкаму – яе падпісалі ўжо больш за 150 чалавек.

Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, даследніца гісторыі і архітэктуры Берасця Ірына Лаўроўская кажа, што рашэнне гарвыканкаму парушае арт. 16, ч. 1 Закону аб геаграфічных найменнях.

«Абсалютнае цемрашальства дэманструюць гарадскія чыноўнікі ў стасунку да заканадаўства ў вобласці тэрытарыяльнага планавання і тапанімікі. Які конкурс найменняў на мясцовасці з уласцівымі ўстойлівымі назовамі? Гарадскі раён, збудаваны ў месцы, якое мае сваю гісторыю, свае канкрэтныя назовы: Гузні, Пугачоўка, Камяніца Жыравецкая… Чаму ж «Лагуна»? Хутчэй за ўсё праславуты «рускі мір» знішчае памяць пра нашую адметнасць і гісторыю. Гідка і абрыдліва. Асабліва калі прыгадаць, які мы збіраемся феерверчыць на 1000 годзе гораду?», – лічыць Лаўроўская.

laguna_1

Гісторык Ігар Бараноўскі лічыць, што такая назва раёну прасоўвае інтарэсы пэўных бізнес-колаў, адсутнасць густу, культуры і штучнасць (лагуны бываюць у моры!).

«Гэта сведчыць пра непрафесійны падыход да справы, які ігнаруе правілы ўрбаністыкі і мясцовую тапаніміку», – кажа Бараноўскі.

Берасцейскі журналіст Максім Хлябец адзначае, што гарвыканкаму варта было б зладзіць новы конкурс.

«Дзіўная сітуацыя, атрымліваецца: гарвыканкам прыдумаў конкурс толькі для сваіх. Ніякіх білбордаў, з аб’явамі пра конкурс у газетах не было. Як вынік – 40 галасоў за «Лагуну». Гэтак і вырашылі і назваць. Колькі гэта адсоткаў ад усіх жыхароў Берасця? На мой погляд, трэба ўсё пачаць нанова. Каб кожны бачыў галасаванне і мог паставіць сваю птушку адкрыта».

CA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары