Цела Сальвадора Далі эксгумавалі ў Іспаніі. Яго вусы не змянілі форму


Сальвадор Далі

Праз 28 гадоў пасля смерці мастака яго цела эксгумавалі, каб узяць узоры ДНК. Па словах прысутных падчас эксгумацыі юрыстаў і медыкаў, Сальвадор Далі добра захаваўся. Нават знакамітыя вусы па-ранейшаму тырчаць да верху.

Эксгумацыя знакамітага іспанскага сюррэаліста прайшла ў Каталоніі. Мясцовая жыхарка, варажбітка па прафесіі, заявіла, што зʼяўляецца дачкой Сальвадора Далі ад выпадковай сувязі. Гэта адна са шматлікіх асобаў, што заяўлялі аб сваёй роднаснай сувязі з мастаком. Урэшце рэшты, улады Іспаніі далі дазвол на эксгумацыю цела, каб узяць узор яго ДНК.

Працэдура эксгумацыі праходзіла пад пільнай аховай, каб не дапусціць магчымасці ўцечкі фотаздымкаў. Але эксперты, якія прысутнічалі на эксгумацыі, заявілі на прэсавай канферэнцыі ў пятніцу 21 ліпеня, што цела мастака вельмі добра захавалася.

«Вусы яго засталіся ў тым жа класічным выглядзе, што і пры жыцці : як на цыферблаце гадзінніку ў дзесяць гадзін дзесяць хвілін», – распавёў судовы эксперт Нарцыс Бардале.

Цела Сальвадора Далі пасля смерці ў 1989 годзе забальзамавалі і паклалі ў спецыяльны склеп ў тэатры-музеі імя мастака ў Каталоніі. Уваход у склеп закрывае каменная пліта вагой каля тоны.

Судовыя эксперты ўзялі ўзор пазногця, валасоў і цвёрдых костак Далі. Аналіз на пацверджанне або абвяржэнне заявы жанчыны, што лічыць сябе яго дачкой, можа заняць некалькі месяцаў. У выпадку, калі роднасная сувязь пацвердзіцца, іспанская варажбітка зможа прэтэндаваць на чвэрць спадчыны Сальвадора Далі.

ВЧ, belsat.eu паводле www.huffingtonpost.fr

 

Глядзі таксама
Каментары