Царкоўныя свечкі побач з прэзерватывамі – норма?


Спалучэнне царкоўных і «не зусім царкоўных» тавараў заўважылі пакупнікі адной з крамаў у мікрараёне Фолюш на ўскрайку Горадні. Царкоўныя асвечаныя свечкі розных памераў тут ляжаць каля касы. Побач – гумкі, аднаразовыя пакецікі з кавай ды… кітайскія прэзерватывы.

Па словах касіркі, свечкі прадаюцца тут не так даўно, але карыстаюцца попытам. А вось праваслаўны святар Аляксандр Шрамко глядзіць на такое суседства больш, чым крытычна:

«Канешне, гэта некарэктна! – тлумачыць а.Аляксандр, – Свечкі маюць прадавацца ў бажніцах: як знак ахвяры. Раней я з такім ніколі не сустракаўся…»

Калі прыглядзецца да інфармацыйнай таблічкі побач са свечкамі, можна даведацца, што яны паходзяць з Расеі. Выпускае іх адмысловае прадпрыемства «Софрына», якое месціцца ў Маскоўскай вобласці. Тут робяць усё: ад свечак да алтароў.

«Софрына» ўжо неаднаразова фігуравала ў рознага роду скандалах, звязаных з РПЦ. Напрыклад, у 2011 годзе ў сеціва трапіў фотарэпартаж з пампезнага дня нараджэння дырэктара «Софрына» Яўгена Пархаева, які пачаўся непасрэдна ў бажніцы Хрыста Збаўцы, а скончыўся ўжо на цеплаходзе. Калі справай занялся пракуратура, аўтар фота пачаў хавацца, бо лічыў, што яго жыццю пагражае небяспека.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў