Цана расейскага газу для Беларусі «заднім чыслом» зніжаная на 30 %


Беларусь дабілася зніжэння цаны на расейскі газ.

Бюджэт суседняй краіны будзе кампенсаваць «Газпраму» страты, якія будзе несці кампанія. Паводле выдання «Коммерсант», ужо сёлета памер газавай субсідыі можа скласці 25 млрд расейскіх рублёў ($ 400,8 млн), а ў наступным годзе – 56 млрд расейскіх рублёў ($ 897,8 млн).

Афіцыйны Менск у сваю чаргу запэўніў, што адменіць павышаную плату за транзіт расейскай нафты і, паводле крыніцаў, абяцаў падпісаць пагадненне аб стварэнні адзінага энергарынку двух краінаў.

Паводле дамоўленасцяў, цана на расейскі газ застаецца ранейшай, аднак, паводле беларускага боку, РФ выкарыстае «механізм міжбюджэтнай кампенсацыі», каб фактычна знізіць суму, якую аплочвае Менск.

То бок фактычная цана газу знізіцца, але страты будзе несці не «Газпрам», а расейскі бюджэт. РФ узновіць і пастаўкі нафты ў нашую краіну ў абʼёме да 24 млн тонаў у год, Менск жа не будзе павышаць плату за транзіт расейскай нафты.

Чытайце таксама >>> Лагвінец: Крэмль не можа сабе дазволіць доўгі канфлікт з Лукашэнкам

Беларусь мае пагасіць каля $ 300 млн запазычанасці, а фактычная цана газу ў расейскіх рублях для нашай краіны будзе зніжаная заднім чыслом з 1 ліпеня прыкладна на 30 %. У далейшым цана газу для Беларусі будзе разлічвацца як сярэдняя цана па Адзінай сістэме газазабеспячэння Расеі, памножнаная на павышальны каэфіцыент. Замест доларавай формулы будзе ўжывацца формула, якая будзе вызначаць цану газу для Беларусі ў расейскіх рублях.

На 2017 год цана газу для Беларусі павінная скласці каля 6 тыс. расейскіх рублёў (каля $100) за тысячу кубаметраў – стане таннейшай на 30 %.

НМ, belsat.eu, паводле «Коммерсант»

Стужка навінаў