«ТрыЗуб» – новы фільм «Белсату» пра клініку з украінскай перадавой


Жыццесцвярджальная гісторыя з украінскай перадавой на Данбасе пра тое, чаму так важна своечасова наведваць дантыста. Глядзіце ў новым фільме рэжысёра Антося Цялежнікава.

Што рабіць байцу, якому на перадавой разбалеліся зубы, а лячыць іх страшней, чымся пайсці ў атаку на ворага? Беларускі рэжысёр Антось Цялежнікаў зняў рэпартаж пра тое, як украінскія медыкі-валанцёры заснавалі паблізу перадавой клініку «Трызуб Дэнтал», дзе кваліфікавана дапамагаюць абаронцам Украіны і бясплатна лечаць іх, а таксама мясцовае насельніцтва.

Кіраўнік незвычайнай клінікі Ігар Яшчанка распавядае, як яна паўстала:

«Я займаўся сваім бізнесам, усё ў мяне было нармальна. Прыйшла бяда, і ўсё змяніла. Мы збіралі замовы, збіралі грошы, дапамагалі вайскоўцам, чым маглі. Збіралі на тыя ж бронекамізэлькі, каскі, берцы – у 2014 годзе армія была распранутая. Атрымалася, што ў гэтых замовах было шмат запытаў на лекі ад зубной болі. А ў мяне ўвесь бізнес звязаны са стаматалогіяй – я прадаваў стаматалагічнае абсталяванне, у мяне шмат знаёмых стаматолагаў. І тады прыйшло такое разуменне, што таблеткі не ліквідуюць зубную боль, толькі прытупляюць, вынік будзе яшчэ горшы. Пачалі цікавіцца, хто ў арміі лечыць зубы, чым можна дапамагчы. І пайшло, паехала».

Сярод пацыентаў аказаўся і беларускі добраахвотнік, які разам з сынам застаецца на перадавой.

«У цябе зубы забаляць у нязручны момант, і ты не зможаш выконваць сваіх задачаў», – кажа беларускі баец.

Удзень 10-гадовы сын ідзе ў прыфрантавую школу, а ягоны бацька заступае на дзяжурства на лініі фронту. Абодва маюць праблемы з зубамі, і абодвум страшна пайсці лячыцца. Хто першы з іх адважыцца наведаць стаматолага?

Прэм’ера фільма адбылася ў эфіру «Белсату» увечары 9 лютага. Цяпер фільм даступны для прагляду і онлайн.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў