«Трымайся, братка!»: Рэпартаж «Белсату» пра добраахвотнікаў, якія ратуюць параненых жаўнераў


Журналіст Сяргей Марчык распавёў, як здымаў рэпартаж пра вайсковых парамедыкаў на Ўсходзе Украіны.

На «Белсаце» адбылася прэмʼера рэпартажу «Трымайся, братка!», у якім распавядаецца пра медычны батальён «Гаспітальеры». Belsat.eu пагаварыў з аўтарам ідэі рэпартажу, аператарам Сяргеем Марчыкам.

Belsat.eu: Пра каго ўвогуле рэпартаж? Каго вы хацелі ў ім паказаць?

Сяргей Марчык: Гэта рэпартаж пра новае пакаленне ўкраінцаў, якое жыве ў еўрапейскай краіне з новымі еўрапейскімі каштоўнасцямі. Гэта ўжо не «савок», гэта ўжо далёка ад нейкіх піянер-атрадаў. Яны яднаюцца нейкай ідэяй, яны паміраюць за ідэю, яны спрабуюць змяніць сваю краіну гэтай ідэяй. У мяне не было мэтай паказаць у ім толькі валанцёраў, хацелася паказаць людзей, якія сваймі малымі ўчынкамі робяць вялікія справы і ўносяць пераваротныя моманты ў ход вайны.

Belsat.eu: Колькі дзён цягнуліся здымкі?

Сяргей Марчык: З гэтай групай я правёў каля 1,5 месяцаў: ад пачатку жніўня да канца верасня мінулага года.

Справа былая такая, што сама група абапіраецца на нейкіх лідараў, і каб знайсці добры кантакт з гэтымі лідарамі, каб яны мяне пусцілі да сябе, мне трэба было вельмі доўга і сістэматычны з імі размаўляць, піць гарэлку, ездзіць на баявыя заданні.

Ездзіць кудысьці на «перадок», як яны кажуць, то бок на перадавую. І толькі пасля гэтага яны мяне пусцілі.

Belsat.eu: Ці складана было наладзіць кантакт?

Сяргей Марчык: Вельмі. Калі шараговыя хлопцы і дзяўчыны прымаюць цябе адразу, яны вельмі ветлівыя, то іхнае кіраўніцтва заўжды ставіцца з недаверам. Гэта нават не недавер, а такая прафесійная насцярожанасць – яны шмат чаго пабачылі ў жыцці, бо гэта ўсё ж такі вайна. Ім даводзіцца штодня прымаць няпростыя рашэнні: кагосьці трэба затрымаць, а хтосьці ім нейкім чынам здрадзіў. Таму там так няпроста ўвайсці ў давер.

Увогуле рэпартаж не пра тых, хто пачынае свой «гаспітальерскі» шлях, а пра тых, хто працягвае. Быў добры момант, калі я мог зняць курс гаспітальераў-пачаткоўцаў, але я хацеў, хутчэй, паказаць увогуле людзей, якія гэтым займацца.

Хутчэй, гэта рэпартаж пра Зою, якая робіць гэты курс, пра «Вожыка», які трэнуе курсантаў на палігоне. Гэта не яскрава выражаныя героі, але праз іх я паказваў асобаў, якія ў будучыню стануць Зояй ці «Вожыкам», якія ўжо пайшлі крыху далей.

Глядзіце таксама >>> Забароненыя песні Курдыстану, рэж. Конрад Загурскі, Сяргей Марчык

Belsat.eu: Як вы мяркуеце, чаму звычайныя людзі ідуць на курс гаспітальераў?

Сяргей Марчык: Матывацыя розная. Адзін з герояў марыў пайсці хоць у які добраахвотніцкі батальён, але ў яго нічога не атрымалася. Разам з тым ён разумеў, што вось гэты максімалізм і рэвалюцыя ў галаве не дазваляюць яму сядзець дома, тады ён далучыўся да гаспітальераў. Бачна, што яму складана, бо ён мае праблемы са здароўем: у яго, здаецца, цукровы дыябет, ён увесь час мусіць калоць сабе ўколы. Але яго пацягнула на палігон. Старэйшыя асобы ідуць на курс, хіба, на ўсялякі выпадак, бо ім таксама можа прыйсці позва ў войска. Ну і кожны на курсе спрабаваў адчуць сябе патрэбным: калі ты не валанцёр, то ты можаш дапамагчы як гаспітальер.

Belsat.eu: Наколькі рызыкоўна быць гаспітальерам?

Сяргей Марчык: Ёсць такія, каго падстрэлілі падчас задання, ёсць такія каго забілі. Гэта рызыкоўна.

Шмат хто не спраўляецца псіхалагічна. Таксама гэта праверка, шчасліўчык ты ці не: людзі выцягваюць байцоў у самых складаных сітуацыях. Таму ніколі невядома, ці патрапіць у гаспітальера куля снайпера.

Belsat.eu: Ці казалі вам, колькі курсантаў становяцца ў будучыні гаспітальерамі?

Сяргей Марчык: Вядома, не ўсе праходзяць фізічную і псіхічную праверку, камусьці замінаюць нейкія жыццёвыя абставіны.

На самой справе тых, хто можа адрачыся ад усяго і застацца ў палявых шпіталях, не так і шмат. Хутчэй, гэта адзінкі ад агульнай колькасці асобаў, якія прайшлі курс. Але нехта становіцца гаспітальерам без курсу і ўжо пасля праходзіць курс. Нехта з медыкаў прыязджае і застаецца – то бок гаспітальераў не набіраюць толькі з курсантаў. Нехта быў паранены, застаўся на рэабілітацыі ў гаспітальераў, а пасля пачынае ім дапамагаць.

Што тычацца рэпартажу, то спачатку планавалася, што гэта будзе фільм пра кіраўніка батальёну «Гаспітальеры» Яну Зінкевіч. Ёй было калі 18 гадоў, калі яна стварала службу гаспітальераў. Гэта дзяўчынка, вельмі мініяцюрная і вельмі прыгожая. Мне атрымалася ўвайсці ў нейкі давер да яе, гэта было неверагодна складана. Да самага канца здымак я не быў упэўнены, што фільм атрымаецца. Ён не атрымаўся пра яе, ён мусіў быць пра стварэнне гаспітальераў і галоўнага лідара гэтай службы, але, на жаль, я не змог даць рады з гэтым героем. Рэпартаж атрымаўся зусім іншы. Цяпер гэтая дзяўчына інвалід, таму што яна трапіла ў аварыю, яна на інвалідным вазку. У аварыю трапіла, дарэчы, калі на вайсковым аўце вярталася ад Пятра Парашэнкі: яна атрымала ўзнагароду ад прэзідэнта і радасная вярталася, калі аўта разбілася.

Гутарыў Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў