Тры новыя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты: Цярэшчанка, Радзькоў, Цітовіч


Сёння пра свае прэзідэнцкія амбіцыі абвесцілі эканаміст Віктар Цярэшчанка, Юрый Радзькоў – дырэктар кампаніі «Цар-мёд» і прадпрымальнік-будаўнік з Менску Уладзіслаў Цітовіч.

Віктар Цярэшчанка

Кандыдат эканамічных навук збіраецца пазмагацца за галоўную пасаду ўжо ў чацвёрты раз. Цярэшчанка ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях 1994, 2001 і 2010 гадоў, але толькі адзін раз – у 2010 м – быў зарэгістраваны кандыдатам. Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, тады за яго прагаласавала 1,19% выбарцаў.

Паводле самаго палітыка, ён прыняў гэтае рашэнне нядаўна, а прычынай паслужыў стан беларускай эканомікі.

Цярэшчанка таксама заявіў, што мае агульныя задачы з прадстаўнікамі апазіцыі.

Юрый Радзькоў

Дырэктар кампаніі «Цар-мёд», аўтар міжнароднага праекта «Свет мёду і здароўя», арганізатар мядовых кірмашоў нарадзіўся 12 красавіка 1976 года. Вырас у дзіцячым доме. Ягонае рашэнне вылучацца на прэзідэнта – стаўленне да здаровага ладу жыцця.

«Сёння нацыя, самі ведаеце, у якім становішчы: звыш мільёна знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці, гэта вельмі сурёзная праблема», – сказаў Радзькоў.

Уладзіслаў Цітовіч

Прадпрымальніку 39 гадоў. Ён дэкларуе, што ўсё робіць, зыходзячы са сваёй грамадзянскай пазіцыі і што за ім не стаіць ні апазіцыя, ні ўлада.

«У маю ініцыятыўную групу ўваходзяць сябры са школы, універсітэту, калегі».

Аднак ці атрымаецца ў яго сабраць 100 тысяч подпісаў, бізнесмен сам не ўпэўнены.

«У 2012 годзе падчас парламенцкіх выбараў я сам абышоў 6 тысяч кватэр, дзе змог сабраць толькі 600 подпісаў. Астатнія сябры маёй каманды не маглі сабраць больш за 50 подпісаў», – піша «Наша Ніва».

Цяпер Цітовіч працягвае набор людзей у ініцыятыўную групу.

На гэтым тыдні сканчаецца падача дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 11 кастрычніка.

Чытайце таксама: Прэтэндэнт у кандыдаты ад дармаедаў атрымаў пашпарт

Каму ісці на выбары

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары