Трускалкі з Грэцыі, бульба з Азербайджану. Колькі каштуе садавіна і гародніна ў Берасці


Журналісты belsat.eu выправіліся ў пошуках садавіны і гародніны на рынкі і ў крамы Берасця. Розніца ў коштах і асартыменце аказалася істотная.

Найдаражэйшы фрукт, які нам удалося знайсці ў Берасці, – гэта тамарыла з Калумбіі, 58 руб. 46 кап. за кілаграм. За ім ідзе пэпіна з Бразіліі – за 48 руб. 65 кап.

Экзатычная садавіна Бразіліі ды Калумбіі ў берасцейскім супермаркеце. Кошт таксама вельмі экзатычны.Крыху таннейшы галандскі фізаліс – 45 руб. 5 кап. Ананас з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі можна набыць за 27 руб.

Што цікава, у берасцейскіх крамах акрамя вінаграду (ад 6 да 10 рублёў) наагул пакуль няма іншых ягад. Выбар садавіны ў сетцы «Прадтавары» і «Санта» наагул нагадвае савецкія часы.

А вось на цэнтральным рынку можна ўжо набыць:

  • грэцкія трускалкі – 8–10 руб.
  • чарэшні – 16–18 руб.
  • абрыкосы – 5 руб. 50 кап. – 6 руб. 50 кап.
  • слівы ды персікі – 7 руб. 50 кап
  • бульба з Азербайджану – 2 руб. 50 кап.
Апроч яблыкаў, груш і вінаграду, якія паспелі надакучыць за зіму, на берасцейскіх рынках ужо можна знайсці слівы, персікі і абрыкосы. Цана? Яшчэ кусаецца.
Свежыя трускалкі прапануюць за 10 рублёў, а «смачныя» – за 8.
Гандляры кажуць, што чарэшні на берасцейскі рынак прывозяць з Грэцыі.

Пры гэтым кошты на рынку ніжэйшыя, чым у крамах. Напрыклад, слівы з Ізраілю ў краме амаль у два разы даражэйшыя (13 руб. 35 кап.), чым грэцкія з рынку. Як і памідоры: 3–4 руб. – на рынку, 5–6 руб. – у краме. Капуста з Македоніі каштуе 2 руб. за кілаграм. Цяплічныя агуркі ў Берасці – ад 2 руб. да 2 руб. 80 кап.

Прывезены з Нідэрландаў балгарскі перац каштуе 10 руб. 25 кап. – 12 руб. 60 кап. Побач з ім ляжыць мясцовы з прадпрыемства «Берестье», у два разы таннейшы – 5 руб. 58 кап.

Інфляцыя за студзень–красавік у Беларусі склала 2,8 %. Гародніна з пачатку года падаражэла на 7,3 %, садавіна – на 11,4 %.



Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў