Трусаў распавёў, як менчукі рэагуюць на наданне адной з вуліц імя Касцюшкі


Беларусы падтрымліваюць ушанаванне памяці Тадэвуша Касцюшкі, гэта звязана з падʼёмам нацыянальнай свядомасці, мяркуе Алег Трусаў.

Таварыства беларускай мовы імя Скарыны ініцыявала акцыю «Разам назавем вуліцу ў гонар Тадэвуша Касцюшкі!» Размаўляем пра гэта са старшынём арганізацыі Алегам Трусавым.

«Белсат»: На вашую думку, чаму ў Менску дагэтуль ен ўшанаваная памяць героя Тадэвуша Касцюшкі?

Алег Трусаў: Гэта элементы той русіфікацыі, якая была ў нашай краіны ў савецкія часы. Бо героямі тады маглі быць толькі камуністы, бальшавікі. А ўсялякія «паны», «панскія генералы», тым больш «польскія» героямі не павінны былі быць. Але паколькі Касцюшка быў сусветным героем, то нават у Беларусі мусілі яго лакальна ўшанаваць. Так, у Берасцейскай вобласці ёсць вуліцы ў гонар яго ў гарадах, і была шыльда на месцы, дзе згарэла ягоная сядзіба, пасля яе аднавілі. Нават у савецкія часы яго не маглі канчаткова забыць. Але ў Менску прынцыпова стараліся го не згадваць.

«Белсат»: Таварыства беларускай мовы імя Скарыны абвесціла пра кампанію аб зборы подпісаў з мэтай прысваення адной з вуліцаў Менску імя Касцюшкі. Як жыхары Беларусі могуць падтрымаць кампанію?

Алег Трусаў: Можна пакінуць свой голас у інтэрнэце (праз сайт Zvarot.by – заўв.). Пры гэтым асобна збіраем подпісы за помнікі Касцюшку ў трох месцах, звязаных з ягонай дзейнасцю. Гэта Косава, дзе побач сядзіба, Берасце, і, канешне, сталіца Менск. Акрамя электроннага подпісу яшчэ лепш, калі кожны грамадзянін возьме кавалак паперы, канверт і напіша ад рукі. Тады ён атрымае персанальны адказ альбо ад Міністэрства культуры альбо ад уладаў Менску.

«Белсат»: Як людзі адрэагавалі на ініцыятыву?

Алег Трусаў: Надзвычай станоўча, я ніколі не чакаў такой падтрымкі людзей. Гэта звязана з тым, што ў нас пачынаецца падʼём нацыянальнай свядомасці. Касцюшку людзі ведаюць, дзякуючы бальшавікам, якія ўсіх змагаром з царом зрабілі «змагарамі за народнае шчасце». І невыпадкова, што была дывізія Тадэвуша Касцюшкі ў польскай Чырвонай арміі, і яна праводзіла першы бой на тэрыторыі Беларусі – у Леніна пад Горкамі. У Народнай Польшчы былі купюру з партрэтамі Касцюшкі. То бок Касцюшка ўпісаўся як «змагар з царом».

Стужка навінаў