Трусаў – кандыдатам-апазіцыянерам: Збіраецеся на выбары, хоць праграму агульную стварыце


У Менску адбываецца другая сесія Кангрэсу за незалежнасць Беларусі.

«Яшчэ не позна пачаць дыялог. Можна сабраць, напрыклад, на нашым савеце кангрэсу ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты і пагаварыць. Сказаць, калі вы збіраецеся ісці на выбары, можа, хоць праграму агульную распрацуйце. Не пачынайце спрэчкі між сабой, хто лепшы, а хто горшы. Вам жа дадуць выступіць па тэлебачанні, і калі вас дзесяць, дык хоць дзесяць разоў вы гэтую праграму агучце», – заявіў старшыня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў.

У сваю чаргу паэт і палітык Уладзімір Някляеў прапанаваў кагрэсу аб’яднацца з грамадскім рухам «За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі», стварэннем якога займаецца былы лідар «Гавары праўду». Аднак Алег Трусаў выступіў супраць ператварэння кангрэсу ў нейкі рух ці партыю.
Кангрэс за незалежнасць Беларусі арганізаваны грамадскім аб’яднаннем «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і Радай беларускай інтэлігенцыі. У сённяшняй сустрэчы бяруць удзел 30 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі ЛДП. Першая сесія кангрэсу адбылася ў канцы снежня мінулага года.

НМ, belsat.eu, паводле Naviny.by

Глядзі таксама
Каментары